Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

за дзьве першыя; яна складаецца з двох “усходніх” крыжоў, злучаных трыкутнай пласьцінкай, якая пераходзіць у вушка, прычым асяродкавыя акружыны крыжоў заліты зялёнай і чырвонай эмальлю. Нарэшце, чацьвертая падвеска, хоць і зусім ня мае эмалі, але таксама можа быць аднесена да тае-ж стылістычнае катэгорыі: яна мае форму ажурнага крыжа аналёгічнае да папярэдніх формы, з вушкам замест аднаго з канцоў і рэльефнымі орнамэнтальнымі галачкамі па асяродкавай акружыне.

Апроч мяжанскіх знаходак, значны лік эмалёвых вырабаў вядомы нам па зборах Віленскага Музэю, куды яны трапілі з розных мясцовасьцяй Беларусі, часткова з м. Чырвоны Бор Барысаўскае акругі[1]. З ліку паасобных абломкаў асаблівае ўвагі варты тут аздобленыя эмальлю ажурныя бронзавыя кружкі, якія служылі ў якасьці пражак, прызначаных для злучэньня вузенькіх сярэбраных абручоў, а часам і болей шырокіх, аздобленых выціснутым (“пуклёным”) орнамэнтам блях, як гэта мы бачым, напрыклад, у знойдзеных К. Тышкевічам невядомага прызначэньня прадметах[2]. Кружкі гэтыя, простага, але прыгожага рысунку, блізка нагадваюць як па формах сваіх, гэтак і па выкананьні, некаторыя з мяжанскіх падвесак. Так, напрыклад, адзін з іх аздоблены такімі самымі ламанымі стрыжнямі і невялічкімі эмалевымі кружкамі, як першая адзначаная намі падвеска; два стрыжні і пяць кружкоў разьмешчаны тут накрыж сярод асноўнага вялікага кружка, прычым тры з іх, таксама як і ў мяжанскай падвесцы, запоўнены чырвонай эмальлю блакітнага колеру з чырвонымі кропкамі; тэхніка выкананьня зусім аднальковая. У іншых выпадках такія-ж кружкі маюць у сярэдзінах эмалёвыя орнамэнтальныя крыжы чырвонага колеру; у некаторых экзэмплярах канцы гэтых крыжоў пашыраны і зьліты, так што пасярод вялікага кружка як-быццам утвараецца другі, концэнтрычыы першаму меншы кружок з чатырма акруглымі дзюркамі.

  1. Каталог предметов Музея Древностей, состоящего при Виленской Публичной Библиотеке. 1885. Аддзел Б, №№ 481, 482, 560-563, 855-900. На аддзелы и №№ гэтага каталогу мы пасылаемся ўсюды ў далейшым, гаворачы аб прадметах з Віленскага Музэю.
  2. Аддз. Б, № 560-563. Прадметы гэтыя вядомы назваю “дыядэмы”, што зусім не адпавядае рачаістасьці. Думкі аб іх прызначэньні, аднак, разыходзяцца: Кондаков і Толстой бачаць у іх часткі конскае збруі, хутчэй за ўсё - сядзельныя падпругі ("Русские древности", III, 152-153); Ф. В. Покровский лічыць іх за асабовыя паясы, хоць і не адмаўляе магчымасьці ўжываньня іх таксама і для іншых мэт ("Виленский Музей Древностей". Вильна, 1892. Табл. XII); асьцярожней за ўсіх Л. Спицын, які вызначае іх, як рэчы невядомага прызначэньня ("Предметы с выемчатою эмалью". — Записки Отделения русской и славянской археологии Имп. Русского Археологического Общества. Т. V, вып. 1. СПБ, 1903. Стар. 164).