Перайсці да зместу

Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

уважліва падыйсьці хоць-бы да вядомага ўжо нам матар’ялу каб адразу-ж адзначыць вялізарную складанасьць і ў некаторых выпадках нават заблытанасьць тых рознастайных сувязяй, якія яднаюць помнікі беларускага мастацтва з агульным ходам разьвіцьця як эўропейскай, гэтак і ўсходняй мастацкай культуры. Разблытаць гэтую заблытанасьць, асьвятліць самыя цёмныя бакі проблемы, убачыць сярод перакрыжных уплываў і ўзаемадзеяньняў асноўную лінію разьвіцьця і з-пад цяжару чужаземных элемэнтаў выявіць тое асноўнае ядро, да якога ўжо ў болей сьціслым, ня толькі тэрыторыяльным, але і нацыянальным сэнсе зможа быць дапасаваны тэрмін "беларускае мастацтва", — такою павінна зьявіцца канчатковая задача гістарычнага вывучэньня беларускіх мастацкіх помнікаў.

Праўда, на першых кроках па шляху да яе вырашэньня мы няўхільна сустракаем адну досыць значную перашкоду. "Лёс беларускае зямлі, — як правільна зазначае той-жа Іппэль, — быў заўсёды цяжкі. З самых даўніх гістарычных часоў краіна гэтая зьяўлялася амаль што нязьменнай арэнай Арэса. З тых часоў, калі нормандзкія князі ў IX і X сталецьцях заваёўвалі зямлю дрыгвічоў, з тых часоў, калі паміж Кіевам, Менскам і Полацкам ішла бязупынная барацьба, — аж да часоў Наполеона і апошняе вайны мы тут бачым заўсёды адну і тую-ж карціну: рух войск з захаду на ўсход і з усходу на захад, з усімі яго жахлівымі вынікамі, з руйнаваньнем і разбурэньнем. Само сабой зразумела, што ў гэтай краіне цяжка было захавацца здабыткам старасьветчыны, помнікам мастацтва і культуры. Толькі нямногія месцы дазваляюць яшчэ і ў сучасны момант часткова аднавіць жывы вобраз калісьці высокай культуры гэтай зямлі. Выстаўка беларускага мастацтва ў Менску ў 1918 годзе даводзіць, аднак, што шляхам правільных адшуканьняў можна яшчэ знайсьці досыць многа выдатных узораў старадаўняга мясцовага мастацтва"[1]. Запраўды, ня толькі поўная неапрацаванасьць, але часта і дрэнная захаванасьць патрэбнага матар’ялу значна перашкаджае спачатку сыстэматычнай дасьледчай працы. Шмат што канчаткова зьнішчана, іншае зруйнавана, альбо запсавана і відазьменена пазьнейшымі папраўкамі і пераробкамі. Але бяспрэчна, што пры ўважлівым вывучэнні можна знайсьці яшчэ вельмі многа вартых увагі ўзораў у самых розных галінах мастацтва, здабыткі якіх і да цяперашняга часу хаваюць у сябе некаторыя найбольш выдатныя беларускія асяродкі.

Ужо цяпер можна з пэўнасцю паказаць на існаваньне цэлага шэрагу помнікаў архітэктуры з XII сталецьця па XVIII, сярод якіх каменныя гмахі выяўляюць некалькі нязвычайную і досыць цікаўную лінію стылістычнага разьвіцьця, драўляныя-ж бу-

  1. Ibidem, 89