Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Польская значна болей зрабіла ў даным напрамку, але ня з меншаю тэндэнцыйнасьцю ў асноўным сваім падыходзе. Калі расійскія дасьледчыкі імкнуліся даводзіць упоўне расійскі характар Беларусі, дык польскія проста, як нешта, быццам, усім добра вядомае і зразумелае, цалкам разглядалі Беларусь, як частку Польшчы, як «Kresy wschodnie»; з гэтай прычыны і помнікі беларускага мастацтва, без усялякіх абмовак, залічаліся імі да мастацтва польскага, ходь пры гэтым ня раз ім самім прыходзілася выказваць вядомае зьдзіўленьне з прычыны выразнага непадабенства мастацкіх здабыткаў «Вялікага Княства Літоўскага» і «Кароны». Ня шукаючы, аднак, тлумачэньня для гэтае зьявы, яны абмяжоўваліся ў большасьці чыста формальнымі апісаньнямі альбо апублікаваньнем матар’ялаў і крыніц, што мае бясспрэчную навуковую вартасьць. У гэтым сэнсе асабліва каштоўнымі зьяўляюцца, напр., паасобныя працы Крашэўскага (I. Kraszewski), Пшэздзецкага (A. Przezdiecki), Раставецкага (E. Rastawiecki), Сакалоўскага (prof. M. Sokołowski), а таксама некаторыя нататкі і артыкулы, зьмешчаныя ў «Sprawozdaniach Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce» і ў «Pracach Komisyi historyi sztuki», выд. Кракаўскае Акадэміі. Але зразумела, што ўсе гэтыя матар’ялы патрабуюць уважлівага крытычнага перагляду, і ў іх няма чаго шукаць такой пастаноўкі пытаньня, якая магла б адпавядаць запатрабаваньням поўнае об’ектыўнасьці.

З тым большай увагай можна аднесьціся да тых першых спроб зусім іншага падыходу да пэўных проблем беларускага мастацтва, якія былі зроблены нямецкай навукай у часе окупацыі Беларусі нямецкімі войскамі ў 1917—1918 г. ў асобах проф. Вэбэра (Paul Weber/Jena) і д-ра Іппэля (Albert Ippel/Berlin). Першым з іх была складзена монографія Вільні[1], дзе зьмешчана гісторыя віленскае архітэктуры ад самага заснаваньня места да апошняга часу і некалькі нарысаў царкоўнага малярства, скульптуры і вытворчага мастацтва, з правільным высьвятленьнем уплываў і сувязей, а таксама ролі і значэньня розных нацыянальных элементаў у аформленьні яе мастацкага аблічча. Другі дасьледчык, д-р Альбэрт Іппэль, які быў у свой час організатарам віленскае і менскае выставак беларускага мастацтва, зьяўляецца аўтарам двох каталёгаў да гэтых выставак[2], дзе можна знайсьці некаторыя надзвычайна цікаўныя ўвагі, а таксама невялікага спэцыяльнага артыкулу аб беларускім мастацтве, пад загалоўкам «Zurweissruthcnischen», у зборніку «Weissruthennien» (Heraus-

  1. Wilna, eine vergessene Kunststätte. Von Professor Dr. Paul Weber/Jena. Wilna, 1917. Verlag der Zeitunder 10. Armee.
  2. Wilna — Minsk. Altertümer — und Kunstgewerbe — Führer durch die Ausstelung der Zeitung der 10 Armee. Bearbeitet von Uffz. Dr. Ippel. Wilna, 1918. Каталог минской областной выставки древностей и изящных изделий. Составил у-оф. Д-р Иппель. Минск. Печать и издание «Газеты 10 Армии».