Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

водле слоў проф. М. П. Пакроўскага, прадстаўляла сабой "ніжэйшы слой расійскага рэволюцыйнага руху".[1]

Ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальным пытаньні, якая вынікла ў сувязі з пэўнымі соцыяльнымі ўплывамі і канчаткова сформавалася, можна думаць, пад рознымі пабочнымі ўплывамі, носіць на сабе выразныя сьляды клясавай псыхолёгіі поэты. Шляхціц па пахаджэньні, бязьлітасным ходам гісторыі выкінуты ў стракаты натоўп разначынцаў, Багушэвіч крэўна ўсё-ж ткі зьвязаны са сваёй клясай: сваім духоўным тварам ён зьверунты да даўно мінулага, калі яго кляса была гаспадаром жыцьця. Шукаючы ў гэтым мінулым падстаў для сучаснага, поэта шырокім пэндзалем з вялікім захапленьнем малюе нам вялікадзяржаўнасьць Літвы. "Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, - піша ён у сваёй "Прадмове",-да панаваньня князя Вітэніса на Літве, Беларусь разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьцяў, і шмат местаў, як Полацак, прызнавалі над сабой панаваньне князёў літоўскіх, а пасьля Вітэніса літоўскі князь Гэдымін злучыў зусім Беларусь з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседзяў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора удоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмана; ад Каменца-места аж да Вязьмы,-у сярэдзіне Вялікаросіі, ад Дынабургу і за Крамянчык, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно у гаросе, была наша зямліца - Беларусь".

Як зачарованы рыцар, праспаўшы цэлыя сталецьці, Багушэвіч і пад сьвіст фабрычных гудкоў усё яшчэ марыць а сваёй пекнай даме сэрца - Беларусі даўно мінулага, забываючыся, што кола гісторыі ня можа павярнуць назад.

Але побач з бязгрунтоўнай романтыкай мінулага ў ідэолёгіі Багушэвіча па нацыянальным пытаньні ёсьць бязумоўна і здаровыя элемэнты. Поэта не замыкаецца ў вузкае кола толькі нацыянальных ідэй. Ён пад нацыянальнае пытаньне падводзіць шырокі соцыяльны базіс, добра разумеючы, што ва ўмовах эксплëатацыі, соцыяльнага ўціску сякае нацыянальнае адраджэньне - гэта фікцыя.

Адсюль у творчасьці Багушэвіча мотывы нацыянальныя цесна злучаюцца з мотывамі соцыяльнымі. Падобнае злу-

  1. Русская история с древнейших времен. 1920 г., т. ІV, стар. 156