Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня столькі лёгічна да канца разьвіць тое ці іншае паняцьце, колькі даць нам трапны і маляўнічы вобраз: поэта, як мы бачылі, падае, напрыклад, аналёгію між нацыянальным заняпадам народу, які страціць сваю мову, і сконам паасобнага індывідууму, якому мову займе перад сьмерцю; другі вобраз: "у сярэдзіне Літвы, як тое зярно у гаросе, была наша зямліца Беларусь". Асабліва гэты нахіл да маляўнічасьці выяўляецца ў тым тлумачэньні, якое Багушэвіч дае слову "Беларусь"; ён ня робіць тут філёлёгічных досьледаў адносна пахаджэньня і сапраўднага значэньні тэрміну,- для яго больш паважным зьяўляецца і тут даць нам трапны вобраз: "Спрадвеку, як наша зямелька, - піша Багушэвіч, з Літвой злучылася, як і з Польшчай зьядналася дабравольна, дык усе яе "Беларусіяй" звалі і недарма-ж гэта. Не вялікая, не малая, ня чырвоная, ня чорная яна была, а белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася".

Гэткім чынам мы бачым, што ў "Прадмове" Багушэвіча побач з элемэнтамі чыстай публіцыстыкі ёсьць і некаторыя элемэнты мастацкасьці: поэта малюе тут вобразы, якія ў цэлым выяўляюць сваяасаблівую романтыку мінулага.

Погляды на нацыянальную беларускую справу, выказаныя ў "Прадмове", Багушэвіч далей разьвівае і паглыбляе у сваіх вершах. Папершае, ён узмацняе тут сваю позыцыю дова дам псыхолёгічным. У вершы "Мая хата" поэта разьвівае думку аб глыбокай органічнай сувязі, якая ўтвараецца паміж чалавекам і айчынай.

Хата, якую малюе беларускі пясьняр, гэта сымболь усёй тагачаснай Беларусі з яе беднасьцю і разбурэньнем.

Бедная-ж мая хатка, расьселася з краю,-
Між пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу;
Кепска-ж мая хатка: падваліна згніла,
І дымна, і зімна, а мне яна міла.

І далей поэта сьведчыць, што ён ня зьменіць гэтай хаты, гэтай роднай айчыны на іншую, хоць-бы і багацейшую.

Сваталі-ж мне ў прымы ў новую хату;
На зямлю ўраджайную і дзеўку багатую;
Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжце.
Не пайду да вас я, хіба ў арэшце.