Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

наша ёсьць такая-ж людзкая і панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Гэта думка, зрабіўшаяся труізмам у наш час, для часу Багушэвіча была досыць орыгінальнай і сьмелай, калі прыняць пад увагу, што тады, як зазначае і сам поэта, беларуская мова зьніжана была на ступень толькі народнага дыялекту і лічылася "мужыцкаю" моваю. З добрароднай шчырасьцю беларускі пясьняр прызнаецца, што ён і сам калісь стаяў на гэтай позыцыі тагочасных інтэлігентых: "Я сам калісь думаў, - зазначае ён, - што мова наша - мужыцкая мова і толькі таго". Цяпер, пераконаны ў высокіх вартасьцях беларускай мовы і у агромністым значэньні яе для беларусаў, поэта дае наказ: "Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі. Пазнаюць людзі ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць, о то-ж гаворка, язык і ёсьць адзежа душы". Выказаўшы гэткія погляды на беларускую мову, Багушэвіч падае яшчэ два довады аб канечнасьці адраджэньня яе. Поэта адзначае бясспрэчны факт існаваньня ў мінулым беларускай мовы, як мовы літаратурнай: "Чытаў я ці мала старых папераў па дзьвесьце, па трыста гадоў таму пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як-бы вот цяпер пісалась". І потым гэты гістарычны довад ён узмацняе яшчэ довадам этнографічным-з паказаньнем на існаваньне нацыянальнай культуры ў народаў меншых па колькасьці за беларусаў. З вялікім засмучэньнем душы наш поэта зазначае: "Якаясь маленькая Баўгарыя-са жменю таго народу, якіясь-ці харваты, чэхі, маларосы і другія пабратымцы нашыя і розныя чужыя жыды маюць па свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і сьмешныя, і сьлёзныя, і гісторыйкі, і баечкі, і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як-бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць пасвойму, дык можа-б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што піша памужыцку і, як дурня, абсьмяялі-б".

Прадмова Багушэвіча па сутнасьці сваёй-твор публіцыстычны: яна прысьвечана абароне ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня і выяўленьню ўласнага credo аўтара па гэтым пытаньні. Але ўжо і ў гэтай публіцыстыцы выяўляецца сапраўдны поэта, які мысьліць вобразамі. У Багушэвіча часта ў гэтай прадмове можна констатаваць імкненьне