Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Га! зраблю ж другую,
Жалейку смутную, —
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб слязьмі прабрала,
Каб аж было жудка,
От то мая дудка!..
Вот зрабіў такую!
Дай жа папрабую…
Ну, дык грай жа, грай жа,
Усё спамінай жа…
Штодзень і штоночы
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй,
І плач штораз болей.
Плач так да астатка,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэці
Іграй слёзным тонам
Над народу сконам!
Каб ты так іграла,
Каб немарасць брала.
Як слязы не стане,
Заціхне ігранне, —
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам —
Не слязой — заплачыш,
Як усё абачыш.

У гэтым уступным вершы мы маем каштоўны помнік творчай самасьвядомасьці поэты; Багушэвіч зазначае, што ён далёкі ад задач і мэт "чыстага мастацтва"; пэўна акрэсьлена ўстаноўка яго творчасьці на ідэёвасьць, на раскрыцьцё грамадзкіх тэм аб сконе роднага народу і аб яго долі, - адсюль вынікае пераважнае панаваньне ў творчасьці беларускага песьняра мотываў нацыянальных і соцыяльных.

Нацыянальную проблему вызваленьня беларускага народу Францішак Багушэвіч асабліва шырака ставіць у сваёй прозаічнай прадмове да "Дудкі Беларускай". У грунт нацыянальнай справы ён кладзе адраджэньне беларускай мовы. Гэта апошняя, на яго погляды, галоўная адзнака нацыі. Народ, як цэльны і самастойны організм, жыве, пакуль існуе яго мова. "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім памёрлі". Выходзячы з гэтага прынцыпу, Багушэвіч энэргічна бароніць правы беларускай мовы. У час поўнай русыфікацыі ён адважна зазначае: "Мова