Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

магчымасьць гіпотэтычных пабудоў. Магчыма, што і наша першая спроба больш-менш навукова падыйсьці да пытаньня а Багушэвічу ня будзе пазбаўлена элемэнту гіпотэтычнасьці у некаторых выпадках. Але падтрыманьнем нам служыць думка, што гіпотэзамі пасоўваецца наперад усякая навука тым болей ня унікнуць іх маладой навуцы гісторыі беларускае літаратуры.

Спачатку некалькі слоў а жыцьці поэты.

Дробны шляхціц па пахаджэньні, які нарадзіўся ў 1840 г. ў Ашмяншчыне, на Віленшчыне, Францішак Багушэвіч праходзіць навуку спачатку ў Вільні, а потым у Пецярбурзе, на фізычна-матэматычным факультэце унівэрсытэту. Польскае паўстаньне 1863 г. застае яго народным настаўнікам у роднай Ашмяншчыне. Багушэвіч прымае актыўны ўдзел у паўстаньні, сур'ёзная рана ў нагу пагражае яму сьмерцю, але адзін селянін выратоўвае яго. Відаць, з мэтай замесьці свае сьляды паўстанца, Багушэвіч кідаецца на Украіну і там, у Нежынскім Юрыдычным ліцэі, атрымлівае закончаную вышэйшую асьвету. Цягнуцца потым доўгія годы службовай працы спачатку ў Канатопе, у якасьці сьледчага, а потым у Вільні, у якасьці адвоката. У 1900 г. ён у роднай Ашмяншчыне знаходзіць сабе апошні і адвечны прытулак.

Вось кароткія асадкі жыцьця Багушэвіча, якія можна устанавіць па тых надрукаваных матэрыялах, што маюцца.[1]

Гэтыя матэрыялы прадстаўляюць сабой хутчэй паслужбовы сьпіс поэты, а не біографію яго ва ўласным сэнсе. Шмат вельмі цікавых пытаньняў, зьвязаных з асобай поэты, застаюцца для нас адкрытымі. Адзінай крыніцай для характарыстыкі ідзолёгіі аўтара ды яго моральнага аблічча ў цэлым застаецца ў нас у даным выпадку літаратурная спадчына беларускага песьняра.

Некаторыя творы Багушэвіча да гэтага часу яшчэ захоўваюцца ў рукапісах, напр., "Беларуская скрыпка" (знаходзіцца ў Б. І. Эпімах-Шыпілы). З надрукаваных твораў бясспрэчна самымі выдатнымі і галоўнымі зьяўляюцца два зборнікі вершаў: „Дудка Беларуская" (Кракаў, 1891, было 5 выданьняў) і "Смык Беларускі (Пазнань, 1894, было 4

  1. Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Карский. Белорусы. т. ІІІ., вып. 3. Петроград, 1922 г.