Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ловы лад, які набыў на першых часох выключную форму драпежніцтва". Тып кулака-драпежніка знаходзіць сабе адбітак і ў тагачаснай расійскай творчасьці Шчадрына, Глеба Усьпенскага, Некрасава ды інш., якія абмалёўваюць Чумазага, Калупаевых і Разуваевых. У беларускай літаратуры гэты тып у асноўных сваіх рысах досыць добра схоплены Дуніным-Марцінкевічам.

Драматычныя творы пісьменьніка, такім чынам, маюць пэўную соцыолёгічную каштоўнасьць: яны зьвязаны з політычна-соцыяльнай дзейснасьцю эпохі ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі.


ФРАНЦІШАК БАГУШЭВІЧ

Францішак Багушэвіч у гісторыі беларускае літаратуры займае асабліва выдатнае і пачэснае месца. Творчасьць поэты становіць сабой заваротны момант у разьвіцьці беларускай грамадзкай думкі і, апроч таго, прадстаўляе сабой значныя, чыста мастацкія дасягненьні. Ідэёвы бок літаратурнай спадчыны Багушэвіча асабліва зварачае на сябе ўвагу ў наш час калі пад сьцягам пролетарскай рэволюцыі закладаюцца моцныя падваліны культурна-нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня Беларусі. У думках Багушэвіча, песьняра гэтага адраджэньня, можна выявіць першапачатковае зараджэньне так сказаць, эмбрыон тых ідэалаў, якія зьяўляюцца баявым лёзунгам - сёнешняга дня. Так пытаньне а Багушэвічу набывае для нас ня толькі гістарычнае, але і сьцісла актуальнае значэньне.

На правялікі жаль, ня гледзячы на ўсю вялізарнасьць гэтага значэньня, мы стаім перад фактам амаль што поўнай адсутнасьці біографічных і ўсялякіх іншых матэрыялаў, патрэбных для об'ектыўнага высьвятленьня асобы поэты і яго творчасьці. У даным пытаньні, як і наогул у галіне беларускага пісьменства, дасьледчым плугам прыходзіцца араць амаль што зусім ня вораную глебу, узьнімаць сьвежую цаліну. Зразумела, што пры гэткіх варунках адкрываецца шырокая