Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на два кругабегі: "Эпоха 60-80 г. г.—эпоха поўнага бытаваньня рэштаў прыгону ва ўмовах падаючай абшарніцкай гаспадаркі і першых спроб самастойнага вядзеньня сялянамі сваёй гаспадаркі. Продукцыя мясцовай прамысловасьці ня мае значэньня. Эпоха 80-90 г. г.-эпоха першых зрухаў у нетрах напалову фэўдальнай гаспадаркі, пераходная".[1]

У першым пэрыодзе ў сялянскай гаспадарцы тэхніка прымітыўная, пануюць натуральныя формы. Гэтыя формы ў злучэньні з залежнасьцю ад пана зьяўляюцца прычынай сялянскай беднасьці: і цяпер, як і даўней, сурогаты замяняюць селяніну хлеб, памяшканьнем зьяўляецца курная і брудная хата і г. д.

Зямляўласьніцкая гаспадарка перажывае стан дэпрэсіі, яна ўсё больш і больш разбураецца і занепадае. "Пануюць яшчэ рэшты фэўдалізму, якія выражаюцца, напр., у адработках. І зямляўласьніцкая гаспадарка пазбаўлена капіталістычных форм, яна носіць характар натуральны. Нават памен між горадам і вёскай, як і раней, носіць яшчэ характар натуральнага (разьлікі натурай, продуктамі, працай і г. д.)".[2]

У галіне прамысловасьці пануюць рамесьніцкія формы. Праўда, офіцыяльныя крыніцы таго часу (напр., даныя 1866 г.) налічаюць значную колькасьць фабрык і заводаў—4.018, але "фабрыкі і заводы" мелі ўсяго каля 23 тысяч рабочых (22,9); на кожную адзінку прыпадае, такім чынам, у сярэднім 5,7 рабочых; "Фабрыкі і заводы", значыць, прадстаўлялі сабой звычайныя рамесьніцкія майстэрні. У памятнай кніжцы Віцебскай губэрні на 1865 г. зьмешчаны, напр., падрабязны сьпіс "фабрык і заводаў" г. Віцебску, іх паказана 56 з агульнай сумай вытворчасьці ў 175 тыс. рублёў. Па сутнасьці гэта невялічкія майстэрні з колькасьцю рабочых ад 8 да 1 (у сярэднім 3¼). Што да прадпрыемстваў сярэдняга і больш-менш буйнога тыпу, то іх налічалася (паводле даных 1873 г.) усяго 156 з агульнай сумай вытворчасьці каля 7 мільёнаў рублёў і з 9.451 рабочым, прычым на адну толькі Горадзенскую губэрню прыпадае ⅔ гэтых прадпрыемстваў (106); на ўсю Беларусь у цэлым, такім чынам, прыпадала нязначная іх колькасьць.

  1. Довнар-Запольский. Стар. 232.
  2. Іbіd., 233.