Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паню ахапляе жах ад такіх вестак, але па ходу дзеі выходзіць, што ўсё гэта мана, выдумка аканома. Сапраўды-ж у жыцьці, мы ведаем, такія факты не заўжды былі маной; рачаіснасьць прыгоннай пары ня рэдка падносіла паном такія сурпрызы, якія разыходзіліся з іх думкамі аб пакоры і забітасьці селяніна. Дунін-Марцінкевіч і ў даным выпадку, як за звычай, падфарбоўвае рачаіснасьць: суровая жыцьцёвая праўда аказваецца ў яго толькі маной злачыннага аканома.

Так беларускі пісьменьнік у першую чаргу бароніць інтарэсы шляхецкай клясы; для яго прыгон—гэта нормальная па сутнасьці соцыяльная зьява. Далёкі ад якой-небудзь опозыцыі гэтай зьяве, ён імкнецца ў існуючыя адносіны ўнесьці маленькі корэктыў: дае паном параду быць больш асьцярожнымі ў выбары аканомаў. Што да сялян, дык пры ўсёй сваёй гуманнасьці і сантымэнтальнай чуласьці, ён ня ідзе далей дыдактычных сэнтэнцый аб канчатковай перамозе дабра і пакараньні зла.

Узятая ў цэлым творчасьць Дуніна-Марцінкевіча ўяўляе сабой яскравы продукт патрыархальна-дваровай культуры, амаль зусім незачэпленай уплывамі капіталізму. У той час, як у Маскоўшчыне ў 40-50 г. г. мінулага сталецьця, у сувязі з распадам паншчыны насьпявала пэўная опозыцыя ёй, знайшоўшая свой выраз у творчасьці Тургенева і асабліва Грыгаровіча, у нас, на Беларусі, падствы прыгоннай гаспадаркі былі менш парушаны; адсюль вынікае і большая ўстойлівасьць у нас форм прыгоньніцкай сьвядомасьці. У яскравы колер гэтай сьвядомасьці, як мы бачылі, афарбованы творы Яна Чачота і Дуніна-Марцінкевіча: у абодвух пісьменьнікаў выяўляюцца сантыментальна-чулыя адносіны да селяніна, але, ня гледзячы на гэта, абодва яны зьяўляюцца ў аднолькавай ступені утопістымі, паколькі яны мысьлілі, што жыцьцё можна палепшыць ня шляхам ломкі няпрыгодных соцыяльных форм яго, але шляхам зьмен форм сузнаньня ў кірунку моральнай удасканаленасьці.