Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Або:

І я, мае дзеткі, на дажынках быў,
Піва дый гарэлкі да сыта папіў
І па барадзе цякло,
Ды ў роце было.

Поэта, як-бы адчуваючы, што яго ідылія далёка ад жыцьцёвай праўды, імкнецца запэўніць нас:

Бо гэта, браткі, праўда, а ня казка.

У казачна-ідылічнай краіне, створанай выабражэньнем поэты, сяляне, калі часам і пакутуюць, дык заўжды не па віне паноў, а толькі прыганятых. Ідэалізуючы сапраўдную зямляуласьніцкую шляхту, Дунін-Марцінкевіч заўжды ў адмоўных рысах малюе нам падпанкаў, яны аказваюцца людзьмі аморальнымі і сапраўднымі прыгнятальнікамі сялянства (пісар у творы "Купала", аканом у "Гапоне"). Паны, наадварот, як добрыя геніі сялянства, выпраўляюць памылкі сваіх служак, караючы іх за крыўды сялянам, як, напр., пані ў „Гапоне" карае аканома. А яшчэ лепш, па думцы аўтара, калі паны зусім не дапушчаюць гэтых крыўд. Ідэалам яго ў гэтым стасунку зьяўляецца князь Грамабой:

Коратка дзяржаў ён радных паноў,
Не папушчаў у крыўду бедных мужычкоў,
Ды што і казаць! Бывала як гляне
На аконама ці на камісара,
Усяляку праўду з-пад ногця дастане:
Кожан баяўся такога мацара.

Сяляне, як малюе беларускі пісьменьнік, зьяўляюцца пакорлівымі і чулымі да "панскай ласкі". Гэта сапраўдныя дзеці ў стасунку да сваіх бацькоў, якія шануюць іх і адносяцца да іх з шчырым замілаваньнем. Толькі на момант, у адным эпізодзе з-пад панскіх прыкрасаў, выплывае намёк на суровую праўду іншых адносін сялянства да паноў. У "Гапоне" аканом, каб напалохаць паню і адчапіцца ад суперніка, прадстаўляе апошняга за бунтаўніка, так малюе неспакойны стан сялян:

Кепска, пані, ў нас чуваць,
Уся воласьць у трывозе,
Не адзін будзе ў астрозе,
Хлопцы сталі бунтаваць.