Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надзвычайна характарна, што ўвасабленьнем данага ідэалу зьяўляецца сялянская жанчына, а не якая-небудзь іншая. Імкненьне маляваць "ідэальныя" вобразы, узятыя з сялянскае асярэдзіны, было досыць пашырана ў літаратуры 40-50 гадоў. У францускай літаратуры таго часу такія вобразы дае нам, напр., Жорж-Занд у сваіх пасторальных романах; у расійскай літаратуры Тургенев у "Записках охотника" малюе нам ня столькі сапраўднага мужыка, колькі свае панска-шляхецкія ўяўленьні аб ім; на глебе Польшчы гэты нахіл да ідэалізацыі сялянства асабліва яскрава выявіўся ў творчасьці прадстаўнікоў так званай польска-украінскай школы. Само па сабе імкненьне даваць сьветлыя вобразы народнага жыцьця прадстаўляла бясспрэчны дадатны факт: яно адчыняла ў душы сяляніна, пад знадворнай абалонкай прыгнечанага і забітага нявольніка, глыбока-чалавечую сутнасьць, але Дунін-Марцінкевіч зыходзіць з гэтай позыцыі чыстага і бесстароньняга народалюбцы. Ня кажучы ўжо аб тым, што часам у яго выяўляецца тыпова шляхецкі нахіл пасьмяяцца над селянінам, вывесьці яго на зьдзек, як істоту дурную і сьмешную, самая галоўная загана творчасьці пісьменьніка ёсьць у ідэалізацыі панства. Калі ён імкнецца падгледзіць сьветлыя рысы селяніна, то яшчэ ў вялікшай ступені абмалёўваецца ім дабрачыннасьць паноў. У „Гапоне" даецца падфарбаваны, вельмі далёкі ад жыцьцёвай праўды вобраз чулай сэрцам пані, якая спагадае гору Кацярыны і клапоціцца аб яе жыцьцёвым лёсе. Разлучаная з сваім каханым:

З той-жа пары Кацярына
Як пакаёва дзяўчына
Пры пані стала служыць;
Пані яе палюбіла,
Чытаць, пісаць навучыла,
На ксёнжцэ бога хваліць.

У "Шчароўскіх дажынках" гэтак сама на сцэну выступае "паніч маладзенькі, сэрцам залаценькі". У „Стаўроўскіх дзядох" Дунін-Марцінкевіч, хоць і імкнецца абрысаваць нам старадаўнюю пару мітычнага паганства, але па сутнасьці ён модэрнізуе старасьветчыну, паднаўляе яе на сучасны яму лад: князь Грамабой, які выводзіцца тут, гэта вялікі пан