Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўрачыстасьць—канец жніва: абраная за царыцу дня Тадорка падносіць пану вянок з належнай прымоўкай, наладжваецца полудзень вельмі багаты нават раскошны, пасьля яго адбываюцца скокі і гульні. У "Вечарніцах" добра схоплены вясковы звычай пасядзелак, калі ў даўгія зімовыя вечары пад аднастайныя сьпевы завірухі забаўляюцца слуханьнем розных гісторый, якія з эпічным супакоем і паважнасьцю апавядае сівы дзядок. У другім разьдзеле таго-ж твору знайшоў сабе адбітак беларускі звычай памінаньня нябожчыкаў, апісваюцца "дзяды" з іх забабоннасьцю: закліканьнем і частаваньнем памёршых, якія грунтуюцца на веры ў магчымасьць непасрэдных зносін з нябожчыкамі. У творы "Купала" абмалёўваецца купальская абраднасьць: мы бачым гэтую падрыхтоўку да сьвята, украсу жывёлы вянкамі, зьбіраньне гальля, якое абкладаецца атопкамі, раскладаньне вогнішча і г. д.

Такім чынам, народная творчасьць з яе песьнямі і абрадамі ўяўляе сабой значную частку вершаваных апавяданьняў Дуніна-Марцінкевіча. Яна надае творчасьці пісьменьніка яскравы этнографічны колёрыт, але колёрыт досыць аднастайны. Беларускі аўтар успрыймаў народнае жыцьцё пераважна ў яго сьвяточна-прыгожым і ідылічным выглядзе. Толькі адзін раз, у паданым вышэй эпізодзе, пяшчотны ідылік адыходзіць ад сваёй схэмы і паказвае нам сялянскае жыцьцё з яго адваротным бокам паднявольнай працы і цяжкога соцыяльнага ўціску. Ва ўсіх другіх выпадках ён старанна захоўвае гэтую суровую і трагічную па сваёй сутнасьці прозу жыцьця, высоўваючы на авансцэну сваіх прастацкіх "Dorfgeschіchten" сьвяточна-пекныя дэкорацыі, сфабрыкаваныя і разьмалёваныя паводле гатовага літаратурнага ўзору: у Дуніна-Марцінкевіча дзеючыя асобы з сялян мала падобны да гарапашнікаў прыгоннага часу; гэта хутчэй нейкія вясёлыя пэйзане, якія сьпяваюць песьні, скачуць, весяляцца або накшталт аркадзкіх пастушкоў забаўляюцца каханьнем на ўлоньні прыроды.

У такім аднабокім скрыўленьні жыцьцёвай праўды досыць яскрава выяўляецца клясавая сутнасьць творчасьці Дуніна-Марцінкевіча.

Выступіўшы на літаратурнай ніве ў 40 і 50 гадох мінулага сталецьця, калі ў сувязі з распадам прыгоннай гаспадаркі,