Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Выразна выступае ў творчасьці Дуніна-Марцінкевіча плынь мастацкага фольклёрызму. Пісьменьнік, відаць, шчыра любіў народную песьню, і ў сваёй творчасьці адводзіць ёй шырокае месца. Народная беларуская песьня з яе рознастайнымі адценьнямі вельмі часта ўводзіцца ім у творы. Тут мы чуем сумна-жаласьлівыя гукі народнай скаргі, як, напр., у бытавой песьні, якую сьпявае Кацярына ў разлуцы з Гапонам:

Родная ты мая маці,
Пажалей свайго дзіцяці,
Сьлёзкі яго асушы...
Дзе-ж Гапонька наш дзяецца?
Як беднаму там вядзецца?
Цяжэнька-ж мне на душы.
Яшчэ-ж каб Усьціньня жыла,
Яна-б з намі патужыла,
Утраім было-б лягчэй;
А то цёмная магіла
Яе, родную, пакрыла,
Не змагла тугі сваей.

Ведае пісьменьнік і бадзёры разгул, які выліваецца ў гуках вясёлай таночнай песьні, напр.

Эй, чух, Кацярынка,
Чабоцікі красны;
Каму блішчаць, каго любяць,
Тваі вочкі ясны.
Эй, чух, Кацярынка,
Тваі кудры ўюцца,
Скачэць, пляшэць мая міла,
Аж шчочкі трасуцца.

Відаць, гэтыя песьні большай часткай браліся Дуніным-Марцінкевічам з вуснаў народу ў гатовым відзе і ўносіліся ім у творы бяз усякіх зьмен. Асабліва гэтымі песьнямі перасыпаны ў беларускага аўтара апісаньні народных абрадаў, якія сустракаюцца ў яго ў кожным творы. Кола народнай абраднасьці прадстаўлена пісьменьнікам ва ўсіх яе галоўных момантах. Так, у „Гапоне“ абрысавана беларускае вясельле: перад намі праходзіць сватаньне з яго характарнымі прыказкамі і нямінучымі запоінамі, заручыны, запяканьне караваю і, нарэшце, самы шлюб. У "Шчароўскіх Дажынках", як паказвае самая назва, абмалёвана вясковая