Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таецца з романічнай інтрыгай. Найбольш цікавым па свайму сюжэту зьяўляецца апавяданьне „Гапон“, зьмест якога ў галоўных рысах зводзіцца да наступнага... Вясковы дзяцюк Гапон кахае сялянскую дзяўчыну Кацярыну; супернікам яго зьяўляецца аканом, які таксама пакахаў Кацярыну, але без узаемнасьці. Абражаны аканом помстуе: ён прадстаўляе Гапона перад паняй бунтаўніком і здае яго ў салдаты. Але нядоўгая была радасьць аканома; ён не пасьпеў скарыстаць вынікі свайго благога ўчынку; пані, даведаўшыся аб крыўдзе, якую ён зрабіў Гапону і Кацярыне, праганяе яго з пасады, а Кацярыну бярэ да сябе ў якасьці пакаёўкі. Праз пяць год Гапон ужо афіцэр, і вось жыцьцёвы лёс зноў зводзіць яго з аканомам, які трапляе ў рэкруцкі набор і прадстае прад камісіяй, дзе засядае афіцэр Гапон. Аканом, выдаючы сябе за сухотніка, імкнецца адкруціцца ад вайсковай службы, але Гапон выкрывае яго ману і ў сваю чаргу здае яго ў салдаты. Канчаецца гісторыя малюнкам вясельля Гапона, які жэніцца з Кацярынай з дазволу пані.

"Вечарніцы" заключаюць у сабе тры паасобныя апавяданьні, аб'яднаныя агульнай літаратурнай рамкай: малюецца звычай вясковых вечарніц-пасядзелак, на якіх дзед Ананія, з мэтай разважыць моладзь, апавядае розныя гісторыі. Два першыя апавяданьні яго прадстаўляюць сабой хадзячыя жарты-анекдоты, гэроем якіх зьяўляецца Зьміцер, "хоць дурэнь вялікі, ды мужык хіцер". З гэтым Зьміцерам здараюцца сьмешныя прыгоды... Адзін раз ён прадаў на таргу цялушку, выручыў ад продажу пяць рублёў і паклаў "сіненькую" паперку у кішэнь. Купіўшы селядца і паклаўшы яго гэтак сама ў кішэнь разам з папяровымі грашыма, Зьміцер заходзіць у карчму падмацавацца; там ён выпівае гарэлкі і, прагаладаўшыся, зьядае селядца разам з прыстаўшай да яго грашовай паперкай. Абрысоўкай гора і адчаю няўважлівага селяніна і канчаецца гэты першы жарт. У другі раз той-жа Зьміцер робіцца сьмешнай ахвярай кпінаў вясёлай кампаніі панкоў. Зьміцер панёс на торг прадаць пеўня; жартлівыя панкі рашылі пасьмяяцца з яго, — адзін за другім яны падыходзяць да прастацкага селяніна і праконваюць яго, што ён прадае зайца, а ня пеўня. У душы забабоннага селяніна пачынаецца завіханьне, у яго зьяўляецца раптам думка аб