Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Другой заганай, за якую дакарае наш аўтар селяніна ёсьць гультайства: яно таксама разбурае гаспадарку і даводзіць да беднасьці. Заўважаецца потым цэлы шэраг іншых больш дробных заганаў. Вясковая гаспадыня неахайная, ходзіць у брудзе, за гэта яе варта нават пакалаціць:

Ой гаспадыня чорна, як комін,
Да на ней сажы да са дзьве асьмін!
Ой вазьму-жа я дубіну,
Ой страсу сажу у асьміну!
Ой гаспадыня!

Зьдзіўляе Чачота, што сяляне жывуць у "курных" хатах; ён раіць ім будаваць печы з комінам, устаўляць у вокны шкло і г. д.

Ой нашто сядзім мы, як у норы,
Ой нашто ў хаце, як у аборы?
Гусі, сьвіньні і цяляты,
Нездароўя поўна хата;
Ой нашто, нашто?
Чы ня ёсьць у нас шкло і гліна?
Мы ня можам вывесьць коміна?
І ў сьветлае аконца,
Ўпусьціць мілае сонца?
Чы ня можам, чы?

Упікае далей наш пясьняр селяніна за тое, што ён псуе маладыя дрэвы, пушчаючы вясной сок з бярозак, што ён ня вучыць дзяцей рамёствам, што ён хавае грошы ў зямлю, замест таго, каб пусьціць іх у зварот ды інш.[1]

Ідэальны селянін у Чачота, папершае, вызначаецца працавітасьцю і цьвярозасьцю; загадзя ён падрыхтоўвае ўсё патрэбнае ў колазвароце земляробскай працы:

Як то добра, калі мужык
Трэзвы, гаспадарны!
Для такога ў цэлым року
Жадын час ня марны!
Сьнегі таюць, ён гародзіць
Колмі, што зімою
І навазіў і начасаў
Добраю парою.

  1. Карскі, оp. cіt., стар. 44.