Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За работу іх рук даючы ім працу нашай мысьлі і асьветы, мы можам павялічыць усеагульнае дабро. Ня будзем думаць, што мы не маглі-б ад іх чаму-небудзь наўчыцца. Мы многаму наўчыліся, пазнаючы іх стан і побыт; знойдзем у іx паданьні, казкі, апавяданьні і надзвычайна багата будзе жніва песень, якія даюць пазнаць іх жаласьлівыя, прыгожыя, нават тонкія і глыбокія пачуцьці". Для Чачота народ, такім чынам, ня толькі об'ект выўчэньня, але да пэўнай ступені і настаўнік, які мае глыбокую душу і сваю вякамі вынашаную мудрасьць. Наш пісьменьнік 40 гадоў у даным выпадку як-бы папераджае пазьнейшых народнікаў, якія пойдуць у сялянскія масы ня толькі вучыць, але і вучыцца, шукаючы там жыцьцёвай праўды, імкнучыся ў народнай цэльнасьці ды гармоніі знайсьці прымірэньне сваёй дваістасьці і дысгармоніі. Не адзін раз спыняецца Чачот на супярэчнасьці між моральнай вартасьцю селяніна і яго соцыяльнай доляй, засудзіўшай яго на пакуты беднасьці і цемры. Нарысаваўшы нам ідылічны малюнак, як сялянка з радасьцю бяжыць да "паненкі", кажучы: "вось я яшчэ прыпомніла добру песеньку", аўтар зараз-жа дадае: "гэты любы і прыгожы вобраз, які прысутнічае ў маім сэрцы, я павінен зацямніць смутнай думкай аб становішчы складальнікаў і складальніц вясковых песьняў".

Найбольш выразна філянтропічныя імкненьні Чачота выявіліся ў яго ўласных песьнях, якія прадстаўляюць сабой падробку пад народныя песьні і ў ліку 28 зьмешчаны ў кніжцы "Pіosnkі wіeśnіacze z nad Nіemna і Džwіny, z dolaczenіem pіerwotwornych w mowіe slawіano-krewіckіej. Wіlno. 1844; апроч таго, адна "песьня", "Da mіlych mużyczkow", надрукавана ў апошнім зборніку 1846 г.

У творах "Wlasne pіosnkі wіeśnіacze" Чачот малюе нам адмоўныя бакі сялянскага жыцьця і зарысоўвае ідэальны вобраз селяніна. Галоўнай заганай вёскі, на думку аўтара, зьяўляецца п'янства. Гэтаму злу адводзіцца ім найбольш увагі. Яшчэ раней, у сваёй прадмове да трэцяй кніжкі (Pіosnkі wіeśnіacze z nad Dźwіny. Ksіążeczka trzecіa. Wіlno), пясьняр з засмучэньнем спыняецца на п'янстве селяніна. "Як з песьняў з Нёмана, —кажа ён,—гэтак і з песьняў з Дзьвіны я дазволіў сабе выкрасьліць няшчасную гарэлку, якая ня раз