Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго прадметам жартаў і забаўкі. Але трэба прызнаць, што аўтар "Тараса на Парнасе" больш тонкі мастак, чым аўтар "Энэіды": ім больш трапна схлоплены характарныя асаблівасьці народнага жыцьця, і прадстаўлены гэтыя асаблівасьці ў больш пукатых і яскравых вобразах; мова ў творы больш чыстая, у ëй менш дыалектызмаў; верш больш гібкі і бойкі; самы сюжэт твору больш орыгінальны і самастойны. У адносінах формальна-мастацкіх перавага, такім чынам, бязумоўна на баку невядомага аўтара данага твору, але затое ў аўтара "Энэіды навыварат" больш шырокае кола назіраньня: у той час як "Энзіда" абхапляе сабой усе галоўныя соцыяльныя клясы Беларусі ў эпоху прыгоннай гаспадаркі, пачынаючы ад буйнай шляхты і канчаючы сялянскім бядняцтвам, "Тарас на Парнасе" дае нам выключна абразкі з жыцьця заможнага сялянства і да таго абразкі далёка ня тыповыя для часу паншчыны: сялянства у той час зазвычай жыло у курных хатах, яно фізычна выраджалася ад галадухі, а тымчасам аўтар твору ўводзіць нас тут у нейкую мітычна-сялянскую краіну шчасьця і задавальненьня; ён малюе нам хату новую, панскі двор з яловым плотам; ядуць у гэтай хаце сытна і смачна, пералічаецца каля дзесятка розных страў, сярод іх успамінаецца са скваркамі кулеш, каша з салам, якое "аж цякло", гусяціна пражоная, каўбасы, бліны аўсяны ў рэшаце",—адным словам, малюецца нейкая казачная краіна з малочнымі рэчкамі і кісельнымі берагамі, але ў гэтай краіне аўтар зьмяшчае ня Іванаў-царэвічаў, але звычайных сялян, якія плятуць лапці, ладзяць сеткі і г. д. Утвараецца поўная неадпаведнасьць знадворных абставін і гэрояў; толькі палкаму шляхецкаму выабражэньню магло малявацца тады сялянскае жыцьцё ў такіх фарбах матэрыяльнага задавальненьня.

Соцыолёгічная каштоўнасьць твору "Тарас на Парнасе", такім чынам, нявысокая; у ім малюецца не сапраўдная сялянская рачаіснасьць часоў паншчыны, але рачаіснасьць, праломленая скрозь прызму шляхецкай сьвядомасьці. Яскравых адзнак сваёй эпохі твор, у процілежнасьць "Энэідзе навыварат", ня мае. Толькі выражэньне шляхецка-клясавай псыхолёгіі і ўспамінаньне аб літаратурнай сучаснасьці 30-40 гадоў надаюць яму пэўны колёрыт пары прыгоннай гаспадаркі.