Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ныя абставіны: багаты двор з яловым плотам, на дварэ сьвіньні, сабакі, козы, бараны; багі займаюцца гаспадаркай. Заняткі іх тыпова сялянскія:

... на лаўцы шыюць
Шаўцы багіням хадакі,
Багіні-ж у начоўках мыюць
Багам кашулі і парткі.
Сатурн лыкі размачыўшы,
І сьпіцай лапці падплятаў;
Па сьвеце добра пахадзіўшы,
Лапцей ен многа натаптаў.
Нэптун на лаўцы чыніць сеці,
І восьці садзіць на шасты,
Пры ім-жа, мусіць яго дзеці,
Дзіравы ладзяць нераты.

Багі ядуць не амброзію, але сялянскія стравы: капусту, кулеш, крупеню; п'юць яны замест нектара гарэлку, любяць багі і пагуляць падвыпіўшы; на Парнасе Тарас убачыў звычайнае сялянскае ігрышча з яго скокамі, песьнямі, часам досыць вольнага характару, ды іншымі забаўкамі.

Апроч гэтага знадворнага побыту, асабліва трапна прадстаўлены ў творы характары; яны будуюцца тут у падвойным пляне: мітолёгічным і рэальна-бытавым; кожны пэрсонаж захоўвае свае адзнакі, згодна антычнай мітолёгіі, але гэтыя адзнакі пераплятаюцца з адзнакамі сялянскай псыхолёгіі, ствараючы такім чынам сваяасаблівую амальгаму антычнасьці і беларускасьці. Напр., Гэркулес гэта вясковы забіяка; каб пацешыць Зэўса, "хахол ён Марсу добра мнець". Сам Зэвэс набывае аблічча старога селяніна, які, падклаўшы пад голаў сярмягу, грэе свае косьці і "нешта ў барадзе шукае". Амур, як бог каханьня, зразумела, заляцаецца за дзяўчынамі, але гэта залёты вясковага юнака з іх прастацкімі прыёмамі:

Амур-жа з дзеўкамі жартуе,
Ну, проста сьмех ажно бярэ!
То ён зьнянацку пацалуе,
То хустку з галавы зьдзярэ;
То ў гусьлі ён зайграе,
То німфам песьню запяе,
То адным вокам ён міргае,
Як быццам ён каго заве.