Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На Тараса нападае вялікае зьдзіўленьне, ён ня можа разабрацца, куды, у якую краіну ён трапіў. Аж да яго зьяўляецца крылаты хлопчык Амур і на пытаньне, куды вядзе дарога, дае адказ:

Дарога гэта з таго сьвету,
Ідзе прамою на Парнас.

Тарас рашуча прабіраецца па гэтай дарозе да самага Парнасу. Унізе гары ён бачыць вяліку гурму паноў,— гэта поэты і пісьменьнікі, якія імкнуліся ўзабрацца на Парнас. Праз гэтую гурму праштурхаўся на Парнас і наш палясоўшчык да самога Зэўса ў госьці. Але, к свайму вялікаму зьдзіўленьню, ён убачыў, што трапіў у знаёмую і родную яму абстаноўку сялянскага хаты. Тарас бачыць заняткі багоў, іх жарты, прысутнічае пры іх полудні і забаўках; не сьцярпеўшы, сам пускаецца ў скокі і потым, пасьля сытнага частаваньня, на крыльлях зэфіраў пераносіцца зноў у лес, у сваю хату.

Проф. Доўнар-Запольскі лічыць, што „Тарас на Парнасе" ўяўляе сабой сатыру. Але, на яго думку, "досыць цяжка сказаць што-небудзь пэўнае аб тым, з якога поваду аўтар напісаў гэту сатыру, ці што ён меў на ўвазе". Пасьля гэтай агаворкі дасьледчык выказвае прадпалажэньне, што, быць можа, аўтар, паводле узору старых пераніцовак накшталт "Энэіды", хацеў даць жывы малюнак беларускага народнага побыту заадно пасьмяяцца з тых пісьменьнікаў, якія, ня маючы буйнага дараваньня, цягнуцца за вялікімі поэтамі.[1] І сапраўды, мы маем у творы малюнак, які выкпівае супэрніцтва поэтаў у іх імкненьні трапіць на Парнас. Ад асобы Тараса апавядаецца:

Пад тэй гарой народу многа,
Як-бы кірмаш які кіпіць.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха:—
Народ ня просты, усё паны!
Хто дужа шпарка, хто паціху,
Ўсе лезуць на гару яны.
Як жыды ў школе, галасуюць;
Гатоў адзін другога зьесьць,
Бо кожны морду ўперад суне,
Каб першым на гару узьлезьць.

  1. Исследования и статьи. т. І, Киев, 1909 г., стар. 205.