Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стылю бясспрэчна сьведчыць аб тым, што поэтыка клясыцызму ў той час ужо страціла свой крэдыт: яна раскладалася і нават выклікала ўжо пэўную рэакцыю.

Па асноўнаму задуму і агульнаму характару літаратурнага жанру блізкае падабенства да "Энэіды навыварат" мае поэма "Тарас на Парнасе".

Твор пачынаецца з кароткай, але яскравай характарыстыкі галоўнага пэрсонажу:

Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса,
У палясоўшчыках што быў?
На Пуцявішчы, ў Апанаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Што-ж? Чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губу ён ня браў:
Затое ў ласцы быў у пана,
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ня разу не збрахаў,—
Затое-ж ен балота з раньня
Да позьняй ночы пільнаваў.
Чуць золак-ён стрэльбу за плечы,
Заткне сякеру за паяс,
Заўседы ходзіць бор сьцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.

Пасьля гэтага апавядаецца аб аднэй нязвычайнай прыгодзе, якая здарылася з Тарасам. Ён вышаў на абход лесу на самага Кузьму Дзямяна, калі, паводле народных забабонаў, могуць лёгка памярэшчыцца ўсялякія жахі і дзівосныя рэчы. Тарас, заўважыўшы цецярука, нацэліўся ў яго, але стрэльба два разы дала асечку; якраз у гэты момант на Тараса насунуўся мядзьведзь з-за елкі; палясоўшчык у вялікім страху, трасучыся ўвесь, як асіна, мусіў уцякаць. Уцякаючы ён трапіў у нейкую яму. Доўга ляцеў Тарас; толькі калі ўжо разьвіднела, ён зваліўся на зямлю і пабачыў, што апынуўся ў нейкім асобным краі:

І-охці мне! Як там прыгожа!
Ну, быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа,—
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсьць там; дужа стройна
Пяюць, лепш за салаўя.