Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

высока ставіць поэму; ён бачыць у ёй мастацкі адбітак жыцьця, захапляецца яе формальнымі бакамі: "мова скрозь чыста-народная... верш поэмы лёгкі, тонічны (чатырохстопны ямб), добра зрыфмаваны. Такім вершам ніхто ў нас пісаць ня ўмеў. А такою бойкасьцю вершу не магла дужа хваліцца і тагачасная расійская поэзія, бо яшчэ ня мела Пушкіна. Аўтар "Энэіды навыварат" быў вялікі мастак.[1] У процілежнасьць зазначаным крытыкам, Ў. Ігнатоўскі так адзываецца аб поэме: "напісана яна даволі такі кепскай мовай. Апроч таго, аўтар яе часта выстаўляе на зьдзек і беларуса і яго мову".[2]

Мы ня можам падзяліць таго захапленьня беларускай "Энэідай навыварат", якое выяўляюць Лёсік і Гарэцкі. Асаблівых мастацкіх каштоўнасьцяй яна ня мае: мова яе перасыпана дыялектызмамі, якія патрабуюць спэцыяльнага тлумачэньня; часта трапляюцца вульгарныя звароты, верш не вызначаецца трапнай мілагучнасьцю вялікай памылкай і гіпэрболічнай пераацэнкай твору зьяўляецца думка, што "нават тагачасная расійская поэзія не магла пахваліцца такой бойкасьцю вершу". З другога боку, нам прадстаўляецца, што некалькі згушчае фабры і крытык Ігнатоўскі, калі ён бачыць у творы толькі зьдзек над беларускім селянінам і яго мовай. Сьвядомага і наўмыснага зьдзеку тут можа і няма; хутчэй тут, як мы заўважылі ўжо вышэй, выяўляюцца шляхецка-протэктарскія адносіны да мужыка, якія часам даводзяць да некаторай зьнявагі яго і яго мовы.

Беларуская "Энеіда навыварат" захоўвае для нас не сваё мастацкае значэньне, але выключна значэньне гістарычна-літаратурнае: у XІX веку яна прадстаўляе сабой першую спробу ўвесьці беларускую мову ў кола літаратурнага ўжытку ў той час, калі гэта мова, дзякуючы няспрыяючаму гістарычнаму лёсу, зьведзена была на ступень толькі народнай гутаркі, народнага дыялекту; падругое, у гэтым творы можна бачыць некаторыя слабыя водгукі клясыцызму: высокі стыль гэроічнага эпосу выклікае тут жартаўлівую пародыю; пэрсонажы антычнага Олімпу скідаюцца з яго вяршыні і ўводзяцца ў сялянскую хату. Такое зьніжэньне клясычнага

  1. Гісторыя беларускае літаратуры. 1924 г., стар. 155 і 156.
  2. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Менск, 1921 год.