Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

звон гітары, арганаў, шэпт сосен, каб не паплакаць".[1] Апроч пачуцьцёвасьці, другімі адзнакамі сантымэнталізму, як выражэньня сьветаадчуваньня буржуазіі, зьяўляліся: культ сямейнага жыцьця, строгая мораль, якая грунтавалася на рэлігійнасьці і ўпэўненасьці, што дабрачыннасьць рана ці позна атрымае сваю нагароду, а хіба—кару; адсюль—дыдактызм і прыём ігры контрастаў (абмалёўка персонажаў дабрачынных і злачынных); можна зазначыць яшчэ імкненьне да прастаты і праўдападобнасьці і дэмократызм, спачуваньне "уніжаным і абражаным", паколькі інтаресы дробнай буржуазіі не разыходзіліся яшчэ рэзка з інтарэсамі больш буйной.

Трэба сказаць, што ў славянскіх краінах сантымэнталізм, трапіўшы ў іншую соцыяльную асярэдзіну, выявіўся толькі часткова. Напр., у расійскай літаратуры ён быў успрыняты шляхтай пераважна як літаратурная школа, а не як цэльная сыстэма сьветаадчуваньня. Карамзін і Жукоўскі, галоўныя прадстаўнікі расійскага сантымэнталізму, ад заходня-буржуазнай ідэолёгіі гэтага напрамку ўспрынялі толькі тыя элемэнты, якія адпавядалі сьветаадчуваньню паміраючага фэудалізму: яны ўспрынялі ідэалізм, рэлігійнае прымірэньне з жыцьцём, павышаную эмоцыянальнасьць.

На беларускай глебе сантымэнталізм, які зьявіўся з вялікім спазьненьнем, толькі ў сярэдзіне мінулага сталецьця, набыў яшчэ больш вузкую форму сантыментальна-утопічнага народніцтва, але ў гэтым народніцтве, як мы пабачым далей, знайшлі сабе выражэньне ўсе характарныя адзнакі сантымэнталізму наогул; у ім выявіліся: пачуцьцёвасьць, даходзіўшая да сьлязьлівасьці, моральны дыдактызм, злучаны з рэлігійнасьцю; прыëм ігры контрастаў; імкненьне да праўдападобнасьці; дэмократызм ды інш.

Абагульняючы наш кароткі ўступ да разгляду беларускай літаратуры эпохі прыгоннай гаспадаркі, можна акрэсьліць ніжэйпаданыя прадпасылкі гэтай літаратуры.

1) Соцыяльна-экономічнае жыцьцё Беларусі ў зазначаную эпоху характарызуецца адсталасьцю сваіх форм: пануе амаль выключна прыгонная натуральная гаспадарка пры надзвычайна слабым разьвіцьці прамысловасьці.

  1. Академик А. Н. Веселовский. В. А. Жуковский. Поэзия чувства и „сердечного воображения". СПБ. 1904 г., стар. 35.