Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разьвіцца на Беларусі; для гэтага тут ня было належных соцыяльных і культурна-гістарычных умоў: беларуская арыстократыя цалкам была сполëнізавана, беларуская культура у момант росквіту клясыцызму знаходзілася ў стане заняпаду. Высокія клясычныя жанры, як трагедыя, поэма, зусім адсутнічаюць у нашай літаратуры. Да нас, як далёкае рэха, даляцелі толькі нязначныя слабыя водгукі клясыцызму: дзьве жартаўлівыя поэмы "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" напісаныя ў стылі гэроі-комічнага эпосу, прыклад якога даў, сам тэорэтык кірунку Буяло ў сваім твору "Le Lutrіn" (налой) зьяўляюцца пародыямі на высокія клясычныя жанры.

Больш спрыяльныя ўмовы для свайго разьвіцьця меў на Беларусі романтызм, які вынік на глебе дэклясаванай фэўдальнай шляхты пад уплывам соцыяльна-політычнай рэакцыі, надышоўшай у Эўропе пасьля Вялікай Францускай рэволюцыі. І на Беларусі мелася такая дэклясаваная шляхта, і моцна адчувалася рэакцыя былі, такім чынам, фактары романтычнага сьветаадчуваньня з яго ідэалізмам, адрывам ад дзейснасьці, лётам фантазіі ў вобласьць мары ды інш. атрыбутамі. Але трэба сказаць, што, дзякуючы агульнаму культурнаму заняпаду, і романтызм на Беларусі ня мог выявіцца ва ўсёй шырыні сваёй філëзофскай думкі ды складанасьці сваіх формальна-мастацкіх дасягненьняў. Зазначаныя вышэй соцыяльныя фактары―наяўнасьць дэклясаванай шляхты і ўплыў рэакцыі―у галіне літаратурнай мелі у нас вынікі, аналёгічныя тым, што назіраюцца ў заходня-эўропэйскай літаратуры, але толькі больш дробныя і вузкія.

Проф. Замоцін, азначаючы романтызм, як яскрава выяўлены ідэалістычны сьветапогляд, углядае тры асноўныя мотывы ў раскрыцьці гэтага сьветапогляду: індывідуалізм, нацыяналізм і універсалізм. Індывідуалізм―увага да чалавечай індывідуальнасьці, культ моцнай асобы і неабмежаванай асабістай свабоды; романтычны нацыяналізм, гэта—поэтызацыя нацыянальнай старасьветчыны, зварот да народнай творчасьці і культ самабытнага нацыянальнага разьвіцьця; романтычны універсалізм—ідэя ўсеагульнага дабра, думкі аб агульных проблемах быцьця і г. д.[1]

  1. Романтизм двадцатых годов XІX ст .л. в русской литературе", т. ІІ. Изд Вольфа СПБ-М. 1913 г., стар. 15-19.