Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

легэнду, "Страцім-лебедзь", у якой ужо гучаць настроі богазмаганьня. У гэтым творы, на фоне біблейнай легенды аб патопе, даецца сымболічны вобраз магутнай істоты, якая ня хоча пакарыцца боскай волі: для яе сьмерць лепш, чым рабства, згіненьне―вышэй пакоры... Па загаду бога ў каўчэг Ноя, каб ратаваць сябе ад патопу, сьцякаюцца ўсе жывёлы і птушкі.

Птахі ў небе стаяў лётаюць.
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць.
Выглядаюць стуль прытулачку.

Адзін толькі горды Страцім-лебедзь ня хоча скарыцца перад агульным лёсам:

Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Узмахне крылом―быццам бор шуміць,
Узмахне другім―як мяцель гудзіць... (109)

Страцім-лебедзь―гэта як-бы сымболічны вобраз самога поэты. І сам поэта ўяўляў з сябе магутную індывідуальнасьць з настроямі барацьбы і протэсту. Але няспрыяючыя ўмовы жыцьця не далі мажлівасьці разгарнуцца ва ўсёй сіле гэтай індывідуальнасьці.

Другі сымболічны вобраз перажываньня поэты даны ў яго пекным вершы "Астры". У шэрую восень пекныя астры марылі і чакалі вясны, але іх марам ня суджана было зьдзейсьніцца:

А ранак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І убачылі астры, што ўкруг іх турма,
Убачылі астры, што жыць ім дарма.
І ўмерлі яны. Але тут, як на сьмех,
Паднялося сонца, цалуючы ўсіх. (215)

Так і поэта асуджан быў жыць у шэрым тумане нацыянальнага і соцыяльнага ўціску, і навокал яго была турма―турма царскай Расіі, і ён як на сьмех, толькі ўжо на самым закаце сваіх дзён убачыў вялікае сонца рэволюцыі.

Інтэлігент па пахаджэньню, адарваны ад вытворчых сіл і працоўных мас, Максім Багдановіч асабліва паддаўся адмоўным уплывам акружаючай яго няспрыяючай рачаіснасьці. Адсюль вынік — яго пэсымізм і хваравітая дваістасьць.