Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/205

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але нямінучым спадарожнікам такой настраёвасьці зьяўляецца скэптыцызм і пэсымізм. Скэптыкам і пэсымістым вельмі часта выступае перад намі і Максім Багдановіч. Здараецца, што ён нават сумняваецца ў каштоўнасьці моцных момантаў і ўражаньняў, якія часам ён так высака ставіць. Тады з яго грудзёў вырываецца скарга: "усё зьнікае... праходзіць, як дым".

Уся трагэдыя чалавечага жыцьця для яго гэта—пагоня за мыльнымі бурбалкамі: здалёку яны прывабныя, песьцяць вока, але пасьля іх у руцэ застаецца адна толькі слата.

У сьветаадчуваньні поэты ёсьць некаторыя элемэнты байронізму, калі разумець апошні ня ў сэнсе гістарычна-культурным, але грамадзка-псыхолёгічным. У гэтым сэнсе, як грамадзка-псыхолёгічная праява, байронізм нямінуча вынікае там, дзе ёсьць для гэтага належныя соцыяльныя ўмовы. "Гэта розуманастраëвасьць, — кажа проф. Коган, — заўжды зьвязана з крызісам пануючай клясы ў больш шырокім сэнсе, з крызісам таго ці іншага сьветапогляду. Гэта плынь чыста інтэлігенцкая. Смутак Байрона—гэта, перш за ўсё, трагедыя мысьлі, трагедыя людзей, якія, дзякуючы сваёй профэсіі, засуджаны шукаць выйсьця у межах сьвядомасьці, а ня быцьця. Можна сказаць, кажа далей Коган, што элемэнты байронізму нямінучы ў сьветаадчуваньні тых клясаў, якія ня ўдзельнічаюць непасрэдна ў вытворчасьці. Кожная зьмена, выкліканая законамерным разьвіцьцём тэхнікі і грамадзкіх адносін, застае зьнянацку сьвядомасьць, якая адарвалася ад быцьця, ня помніць сваёй матэрыяльнай крыніцы"[1].

Марксыцкая крытыка, такім чынам, правільна разглядае байронізм, як крызіс мысьлі, які вынікае на падставе крызісу грамадзкага. Характарнымі адзнакамі данага крызісу ў галіне інтэлектуальнай, на думку проф. Розанава, зьяўляюцца тры мотывы: нялад чалавека з самім сабою, нялад яго з грамадзтвам, і, нарэшце, нялад яго з агульным сьветапарадкам.

На ліры М. Багдановіча моцна гучаць гэтыя хваравітыя енкі няладу ўнутранага, соцыяльнага і філëзофскага.

  1. Байрон. 1824-1924. "Светоч*. М.-Л. 1924, стар. 16.