Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З такой агульнай імкнёнасьці да мэтафорычнага стылю вынікае ў романтыкаў і неоромантыкаў шырокае ўжываньне сымболяў. „Романтычная поэзія, зазначае Жырмунскі,—у гэтым сэнсе заўжды была поэзіяй сымболяў, існуючыя сымболістыя толькі працягваюць поэтычную традыцыю, якая ідзе з глыбіні вякоў"[1].

У М. Багдановіча сродкам мастацкага ператварэньня сьвету таксама, як у романтыкаў і неоромантыкаў, зьяўляецца метафора і сымболь—характарныя адзнакі яго поэтычнага стылю. Мэтафоры ў беларускага поэты вызнаюцца сваёй яркасьцю; большаю часткаю гэта анімістычныя мэтафоры. Вось некаторыя прыклады такой анімізацыі:

1) Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла... (132)
2) Ужо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае... (131)
3) Вечар на захадзе ў попелі тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля... (133)
4) Месяц белы заплаканы сьвеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці... (122)

Часам у Багдановіча цэлыя творы прадстаўляюць сабою разгорнутую мэтафору.

Прыкладам можа быць абмалёўка песьняром зорнага неба:

Упалі з грудзей пана бога,
Парваўшыся, пацеркі зор.
Яны раскаціліся ў небі,
Усыпалі сіні прастор
І стуль так маркотна і пільна
На край мой радзімы глядзяць. (173)

Разгарнае поэта ў сваіх творах і цэлы шэраг трапных сымболяў: дыямэнт каштоўны бярэцца, як сымболь народнай душы (182); другім такім-жа сымболем зьяўляецца жменька збожжа (204); Страцім-лебедзь разрастаецца ў сымболь гордай індывідуальнасьці (108—110) і г. д.

  1. Поэзия Александра Блока. Петербург, 1922, ст. 62 1 63.