Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не захоўваюцца часам самыя дробныя дэталі бытавога або соцыяльна-псыхолёгічнага малюнку. Ён, напр., абрысоўваючы долю мужыка, занатоўвае цёмную яго хатку, на ёй "плесьню з моху", заўважае адрыну, якая збудавана з гнільля (303). На фоне агульнай вясковай нуды яго ўвагу спыняюць на сабе рознакалёрныя цьвяткі, якія мак "у градах высыпаў і цешыў імі душу"; умее поэта далей трапна перадаць гэту цішыню і бязлюднасьць вёскі ў рабочую пару:

...З людзей ня відна нікаго, —
Яны на полі ўсе: не мельканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жарабка,
І песьня сумная не пальлецца звонка... (217)

У чыста рэалістычных хварбах поэта перадае нам і глыбіню ўнутраных перажываньняў. Ён, напр., маляўніча рысуе нам, як глыбокае гора страты дарагога чалавека на вайне спараджае нярухомасьць і скамянеласьць, як разам з гэнай чорнай зданьню няшчасьця ўваходзіць цішыня жудасьці:

І чутна у цішы было,
Як стукае гадзіньнік мерна,
Як дробны дожд сячэ халодныя шыбы,
І як у капяжы бяжыць струя вады."
("За газэтай", 71)

Так у творчасьці М. Багдановіча выяўляецца рэалістычны метод назіраньня наўкольнага жыцьця і абмалёўкі яго зьяў у конкрэтна-тыповых рысах. Але адначасна Багдановічу ўласьцівы і іншы мэтод романтычна-фантастычнага ператварэньня сьвету; у творчасьці песьняра выступае плынь нэоромантычнага стылю. Асабліва яго малюнкі прыроды, як мы бачылі вышэй, разгарнаюцца ў падвойным пляне, рэальным і звышрэальным. У романтычнай поэзіі, правільна зазначае Жырмунскі,—сьвет зьяўляецца нам поэтычна ператвораным і прасьвятлёным. Асноўным прыёмам романтычнага ператварэньня сьвету служыць мэтафора. Таму, з пункту погляду гісторыі стылю, романтызм ёсьць поэтыка метафоры".[1]

  1. Поэзия Александра Блока. Петербург, 1922, стар. 41.