Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дума" ёсьць галоўная падстава творчасьці і адначасна яе вышэйшая аздоба. Становячыся на такі пункт погляду, ён нават імкнецца апраўдаць Сальеры, даводзячы, што "астатні атрымаў несправядлівы суд". У творчасьці самога Багдановіча вельмі шырака выяўлены элемэнт разумовасьці, ціхіх філёзофскіх разваг; яго мучаюць розныя загадкі быцьця. Свой малюнак "Хаўтур" ён, напрыклад, канчае такім вывадам:

Так таінственна ўсё, так знаёма,
Ўсё так проста і так неразгадана... (57)

Задумляючыся над бязьмежнасьцю і няскончанасьцю жыцьця, поэта даходзіць да ідэі колазвароту рэчаў ("Дзябольскаму", 44). У другім месцы ён выказвае думку аб тым, што людзі гэта толькі падарожныя, але злучаныя з агульным рытмам косьмічнага жыцьця: яны "папутнікі нябёс" (90). Ня раз поэта ў сваіх вершах задумляецца над проблемай сьмерці, яна асабліва не дае яму супакою; перад яе халодна-бязьлітасным тварам поэта аддаецца сумным развагам аб нікчэмнасьці жыцьця ("Над магілай мужыка").

Але побач з такімі разумовымі адносінамі да жыцьця, поэта выяўляе і іншыя, поўныя непасрэднасьці і захапленьня.

У адным з сваіх вершаў ён са шчырым патосам зазначае:

Ах, колькі ёсьць красы цудоўнай поруч з намі,
Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі... (42)

Гэта прызнаньне зьяўляецца вельмі характарным для Багдановіча; пясьняр ведаў увесь цяжар бясплённай рэфлексіі; згінаючыся пад гэтым цяжарам, ён аддаецца змрочным перажываньням. Але вельмі часта поэта, вызваліўшыся ад усё разбураючага разумовага аналізу, скінуўшы з сябе яго ўладу, выяўляе чыста эмоцыяльныя адносіны да рачаіснасьці, імкнецца паглядзець на яе сапраўды дзіцячымі вачыма, і тады ён бачыць у ёй пэрлі захованага хараства. Вершы поэты робяцца тады цудоўнай прызмай, концэнтруючай у сабе і адначасна раскладаючай на сустаўныя элемэнты розныя шматфарбныя праменьні, што адкідае ад сябе жыцьцё. І прайшоўшы скрозь гэтую цудоўную прызму, жыцьцёвыя праменьні пераліваюцца ўсімі колерамі прыгожай вясёлкі.