Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тонкія нюансы захованых душэўных перажываньняў, філёзофска-разумовыя развагі і адначасна эмоцыяльныя захапленьні хараством жыцьця наогул і асабліва хараством прыроды, малюнкі соцыяльныя і нават бытавыя, сьвет унутраны і сьвет знадворны—усё гэта ў пляне нейкага вышэйшага сынтэзу злучаецца ў поэзіі Багдановіча, сплятаючы сабою цудоўна-пахнучыя гірлянды няўмірушчага хараства.

Тонкі і глыбокі лірык па сутнасьці свае мастацкае здольнасьці, М. Багдановіч раскрывае перад намі, папершае, свае суб'ектыўныя перажываньні, якія большаю часьцю афарбованы ў змрочны колер. Яшчэ ў раньніх гімназічных вершах Багдановіча выяўляюцца настроі скаргі і енку. Паводле яго ўласнага прызнаньня поэта сьпявае "песьні сумныя" (2),[1] "смутак дзьме душу" яго (3); ён "бальны, бяскрыдлаты поэт" (8); песьні яго "цёмныя, як вугаль чорны" (32); цемра і ў душы поэты; ён скардзіцца:

Над зямлёю імгла, у душы маёй змрок.
О як пуста у ей! Як холадна жыць! (32).

Усё гэта прызнаньні ў вершах 1908-1909 г. Мінорныя тоны не зьмяншаюцца і надалей. Абхоплены нудой нямой (150), ён ставіць безнадзейнае пытаньне: "куды-ж ісьці і што рабіць?" (199); вечар для яго гэта

Час, калі трэба журыцца
Душою на сьвежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў (132)

Поэта скардзіцца на ўбогасьць свайго жыцьця; Парка тчэ шэрую нітку гэтага жыцьця:

Ціха гудзіць і пяе у яе верацёнца,
Цягнецца, цягнецца доўгая, шэрая нітка;
Цягнуцца шэрыя дні без прасьвету, бяз сонца,
І не пабачыш, здаецца, ні шчасьця, ні ўжытку (101).

Вельмі часта пясьняр выяўляе філёзофскую рэфлексыю; у сваім "лісьце да Ластоўскага" (51-52) ён выказвае надзвычай характарны для яго погляд, што мысьль, "спакойная

  1. У дужках паказаны старонкі вышэйзазначанага І тому, дзе сабраны мастацкія творы пісьменьніка.