Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на разьвіцьцё поэты зрабілі значны ўплыў настаўнікі: Кабанаў, паглыбіўшы вынесеную Багдановічам яшчэ з сям'і "любасьць да Беларусі і цікавасьць да беларусікі" (паводле выразу Адама Юравіча); Белавусаў, дапамагаўшы выучэньню песьняром чужаземных моў (грэцкай, італьлянскай, францускай) і чужаземных літаратур. Не прайшла бясьсьледна для маладога гімназістага і рэволюцыя 1905 году, абудзіўшая ў ім грамадзкія інтарэсы: Багдановіч бярэ ўдзел у вучнёўскіх мітынгах і школьных непарадках, закідае вучобу, захапляецца анархізмам, нават робіць спробу стварыць у сваёй клясе (4-ай) гурток юных анархістых і г. д. У сэнсе ўзбагачэньня рознымі ўражаньнямі ад экзотычнай прыроды былі вельмі карыснымі для Максіма Багдановіча і яго паездкі на кумыс (1900-1904 г.) і ў Крым (1909 г.) для лячэньня.

У цэнтры інтарэсаў Багдановіча, у яго гімназічныя гады, асабліва пачынаючы ўжо з сярэдніх і з старэйшых кляс, стаяла беларусазнаўства, сталае выўчэньне розных пытаньняў, зьвязаных з роднай краінай. Можа напружнасьцю гэтых і падобных да іх пазашкольных інтарэсаў і тлумачыцца тое што посьпехі яго ў гімназічным вучэньні былі сярэднія.

Яшчэ на парозе свайго студэнцтва, адразу пасьля сканчэньня гімназіі, улетку 1911 г. Багдановіч езьдзіў на Беларусь, дзе ён наведаў Вільню і каля месяца пажыў у беларускай вёсцы. Гэта было першае за час сьвядомага жыцьця непасрэднае знаёмства Багдановіча са сваёй айчынай; да гэтага моманту пясьняр знаёміўся з Беларусьсю на падставе сямейных традыцый і выключна праз кнігу; пераважна па кніжках выўчаў ён і родную мову, робячы ўласныя спробы пісаньня ў гэтай мове; з 1909 г. Багдановіч быў ужо сталым супрацоўнікам "Нашай Нівы".

Студэнцкія гады (1911-1916) прадстаўляюць найбольш цікавы кругабег у жыцьці Багдановіча. Гэтыя гады прайшлі ў тым-жа Яраслаўлі, дзе поэта знадворнымі акалічнасьцямі, супроць свайго жаданьня, вымушаны быў вучыцца ў Дзямідаўскім Юрыдычным Ліцэі. Будучы студэнтам, ён вёў габінэтны спосаб жыцьця; у яго пераважалі кніжныя інтарэсы. Яшчэ з большым захапленьнем аддаецца ён цяпер літаратурным заняткам, выўчаючы сусьветную, славянскую і асабліва беларускую літаратуры; значна паглыбляюцца і заняткі