Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Нарадзіўся поэта ў 1891 г. ў Менску, у сям'і настаўніка і досыць вядомага этнографа Адама Юравіча Багдановіча. Лінія соцыяльнай спадчыннасьці песьняра зьяўляецца досыць ламанай; продкамі яго з боку бацькі былі сяляне, а з боку маткі ўрадоўцы і часткова асобы духоўнага стану. Багатай была псыхічная спадчыннасьць поэты: ад маткі і яе продкаў ён атрымаў жывасьць пачуцьця і выабражэньня, нахіл да поэтычнай творчасьці і асабліва да мастацкага фольклёрызму; ад бацькі яму дасталіся багатыя інтэлектуальныя здольнасьці і нахіл да напружнай разумовай працы. Горш стаяла справа са спадчыннасьцю па лініі фізычнай: ад маткі і яе продкаў Максім Багдановіч атрымаў слабое здароўе і нахіл да сухот.

Раньняе маленства поэта правёў ня у Менску, а ў Горадні (1892—1896), куды ён быў перавезены 6 месяцаў ад роду. Абставіны раньняга маленства былі досыць спрыяльнымі для поэты: блізкасьць да прыроды, фрэбэлеўская сыстэма выхаваньня, якую праводзіла маці, клопаты і сталае выхаваўчае кіраўніцтва з боку бацькі — усё гэта дапамагала раньняму раскрыцьцю багатых ад прыроды духоўных здольнасьцяй поэты.

У раньнім маленстве, на 5 годзе ад роду, Максім Багдановіч страціў маці, якая памерла ад сухот; быў ён разлучаны хутка і з другою маткаю—айчынай—ды перавезены ў Вялікарусь. Тут спачатку ў Ніжнім-Ноўгарадзе (1896-1908), а потым у Яраслаўлі (1908-1916) poc і гадаваўся пясьняр. Дашкольныя гады вучэньня яго прайшлі пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі, які асабліва дбаў аб мастацкім разьвіцьці дзяцей, далучыўшы да свае сыстэмы выхаваньня шырокае азнаямленьне іх з творамі сусьветных клясыкаў і продуктамі мастацкага фольклёру, у першую чаргу беларускага; адначасна ён імкнуўся да разьвіцьця эстэтычнага пачуцьця мастацкай формы і да азнаямленьня дзяцей з поэтычнай тэхнікай.

Вучыўся Максім Багдановіч спачатку ў Ніжагародзкай гімназіі (1902-1908), а потым, пачынаючы з шостай клясы, у Яраслаўскай (1908-1911). У гімназічныя гады, апроч бацькі,