Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Так, Алесь Гарун―вялікі мастак слова, выяўляючы яго музычнасьць і рознастайнасьць рытму.

Вялікай мастацкасьцю вызначаецца лірыка каханьня Алеся Гаруна; яна вабіць нас сваёй асаблівай пяшчотнасьцю і задушэўнай шчырасьцю; das ewіg weіblіche было жыва і моцна ў душы поэты. Характарна, што ён любіць жаночыя вобразы, як увасабленьне адцягненых паняцьцяў. Напрыклад, сваю музу ён прадстаўляе ў вобразе прыгожай дзяўчыны; далей ëн рысуе нам вобразы нядолі, адзіноты і г. д.

Асабліва пяшчотнымі пералівамі настрояў вызначаецца верш „Асеньні сьпеў", дзе малюецца ідылія каханьня на улоньні асеньняй паміраючай прыроды.

Вялікай пяшчотнасьцю вызначаюцца адносіны поэты да дзяцей. Ужо зусім хворы, амаль што на сьмяротным ложку, ён піша свае вядомыя "Жывыя Казкі"―п'есы для дзіцячага тэатру, у якіх трапна схоплена прыгожая фантастыка народнай творчасьці. Верш поэты "Нязнаны госьць" выкрывае нам яго перажываньні, навеяныя спагляданьнямі дзіцячай чыстасьці. Дзіцячыя сьлёзы абуджаюць у песьняра ціхую развагу:

Аб чым яно плача, аб райскіх садох?
Аб чыстасьці, яснасьці, сьвятасьці душ...

Такім чынам, у гэтым вершы пяшчотная эмоцыянальнасьць злучаецца з некаторымі выразамі містычнай філëзофіі поэты, мы як-бы знаходзім тут Платонаўскую ідэю прад'існаваньня душ.

Творчасьць Алеся Гаруна вызначаецца, як можна было бачыць з кароткага аналізу яе мотываў, досыць шырокім сваім размахам. У гэтай творчасьці мы знаходзім і рэволюцыйны патос, і пяшчотныя мэлёдыі каханьня; рацыяналістычны скэптыцызм злучаецца ў ёй з некаторымі налётамі хваравітай містыкі. Здаровая сэрцавіна поэзіі Алеся Гаруна пад уплывам цяжкой царскай рэакцыі, адарванасьці песьняра ад грамадзкага жыцьця і працоўных мас пакрылася нарэшце хваравітай карой. Пясьняр ставіцца перад намі ня толькі ў постаці барацьбіта, але і ў смутнай постаці Гамлета з яго рэфлексыяй і цяжкім задуменьнем.