Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Назіраньне над прыродай наўчае поэту мудрасьці, надае яму веры ў моц жыцьця і, паказваючы яму, што ў прыродзе гіне толькі ўсё індывідуальнае, але агульнае жыве, прымірае яго са сьмерцю. На аснове такіх назіраньняў увесь сьветапогляд поэты набывае натуралістычны характар; пясьняр кажа:

З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім.

Але побач з такім разумова-філëзофскім успрыйманьнем прыроды, мы знаходзім у Алеся Гаруна ўспрыманьне эмоцыяльнае; сэрца поэты б'ецца ў адзін тэмп з прыродай, і яго прыродаапісальныя вершы прадстаўляюць сабой сапраўдныя пэрлі музычнай лірыкі. Напрыклад, у малюнках восені, гэтай хмурнай і халоднай пары году, зьместу адпавядае і самы разьмер-дактыль, гэты хаўтурны, панафідны рытм, паводле выразу Чукоўскага. Наадварот, вясна абмалёўваецца ім у хуткім рытме, які адпавядае ажыўленьню прыроды. У вершы "У прыпар" чуюцца ў самых гуках адрыўчастыя ўдары пяруна і маланкі. Але сапраўдны пэрль мастацтва прадстаўляе "Завіруха" - верш, увесь пабудаваны на асонансах і алітэрацыях:

Завіруха скача ноччу
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе ў вочы
Сьнегавінкі мне; рагоча.
Йду на вобмацак: ледзь жывы я,
Няжывыя суну ногі
Без дарогі. Цела ные,
Калянее; верставы я
Прамінаю слуп убогі,
Траярогі крыж збутвелы,
Не чакаю дапамогі...
Пасівелы, цёмны, строгі,
Прыступае нехта белы,
Асьмялелы. Вот ўсьцігае,
Акаляе, скамянелы,
Пасінелы, ― аднімае.