Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіцца нават дзівіцца, што пясьняр здужаў даць нам хоць-адзін цэльны зборнік, тым болей, што ў гэтым невялічкім зборніку мы не знаходзім літаратурнага сьмяцьця, а толькі чыстыя крышталі мастацтва.

Алесь Гарун па істоце сваёй поэта-лірык. Выяўленьне думак і пачуцьцяў у гуках—для яго глыбокая ўнутраная патрэба. Чулае сэрца поэты прыціскала шэрая проза і штодзеннасьць: у гуках сваіх вершаў, у ясным сьвеце поэтычных вобразаў ён шукае адпачынку; поэзія для яго не рамяство, але органічная патрэба, у творах выяўляецца яго сапраўдны твар.

Мы бачылі, што асоба Алеся Гаруна вызначаецца сваёй многаграннасьцю. Політычная дзейнасьць, грамадзкая чыннасьць мелі бясспрэчна паважнае значэньне ў яго жыцьці, але сапраўднае яго "я", унутраная сутнасьць яго душы раскрываецца ў поэзіі. Тут перад намі выступае ня толькі політычны дзеяч, партыйны змагальнік, але інтымны Алесь Гарун са сваімі патаемнымі, задушэўнымі думкамі і настроямі.

Сам поэта знаёміць нас з процесам сваёй мастацкай творчасьці. У сваім уступе да зборніку "Матчын дар" ён зазначае:

Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роўны луг, і узгібы гор,
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцë, а ў ім людзей,
І кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей, —
А ні поэт.—Чаму-ж?

Тут трапна зазначаны галоўныя крыніцы поэтычнага натхненьня. Сапраўды, прырода, жыцьцё людзей, мары, імкненьне ў сьвет ідэалаў—гэтым вычэрпваюцца асноўныя мотывы мастацкай творчасьці. Алесь Гарун скромна заяўляе, што ён не поэта. Мы можам зразумець гэту скромную заяву толькі ў тым сэнсе, што жыцьцёвыя навальніцы крыху паабламлялі поэтычныя скрыдлы яго душы, перашкодзілі яму ўзьняцца на яшчэ большую вышыню. Алесь Гарун сам зазначае дрэнныя варункі свайго жыцьця, ён у тым-жа ўступным вершы гаворыць: