Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

поэту ўдалося пазнаёміцца значна пазьней; калі ён перачытаў ужо шмат кніжак расійскіх і польскіх, выпадкова ў 1903 ці 1904 годзе ў яго рукі трапіла кніжка „Гапон". Да гэтай пары зусім ня бачыўшы беларускага друку, Алесь Гарун прымае і гэты твор Дуніна-Марцінкевіча за польскі. Пачынае чытаць кніжку, але бачыць роднае слова—слова, якое ён чуў у хаце; моцна забілася яго сэрца, на вочы навярнуліся сьлёзы,- сьлёзы радасьці. У гэтым факце ўжо адкрываецца замілаваньне Алеся Гаруна да роднага, якое потым будзе праходзіць чырвонай пасмай праз усю яго творчасьць. Пад уплывам "Гапона" ў поэты адбуджаецца цікавасьць да беларускага слова, ён знаёміцца з творчасьцю Цёткі ды іншых поэтаў, з газэтай "Наша Ніва". Чытаньне аформляе ў душы Гаруна тое, што да гэтай пары чыста стыхійна і несьвядома варушылася ў ёй. Атмосфера нашаніўскай пары робіць асабліва моцны ўплыў на Алеся Гаруна; яго эмоцыянальна-стыхійнае імкненьне да роднага адліваецца ў форму сьвядомай пастаноўкі нацыянальнай проблемы; эмоцыянальныя перажываньні прасьвятляюцца і паглыбляюцца пад яркімі праменьнямі розуму. Аформіўшыяся ідэалы нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня бацькаўшчыны ўжо ніколі не пакінуць поэту, ён іх панясе з сабой у магілу. Побач з разьвіцьцём нашаніўскай ідэолёгіі, духоўнае жыцьцё Алеся Гаруна пашыраецца ды паглыбляецца і ў іншых кірунках свае думкі і настроі ён рана пачынае выліваць у вершах на беларускай мове. Ні глуш сібірскай тайгі, ні цяжкая праца вадаліва не заглушылі ў ім напружанага духоўнага жыцьця. Каб не памерці духоўна, ён у Сібір выпісвае газэты і часопісі, у няволі не пакідае сваёй працы. На баржы № 18 ён апрацоўвае свой зборнік "Матчын Дар" для выданьня ў друку.

Зборнік "Матчын Дар" (Менск, 1918 г.), "Жывыя казкі", некалькі вершаў і апавяданьняў, раскіданых у часопісях, — вось і ўся невялічкая літаратурная спадчына Алеся Гаруна, але гэта спадчына прадстаўляе сабою сапраўдныя дыямэнты творчасьці. Невялічкая параўнальна колькасьць твораў тлумачыцца цяжкімі ўмовамі жыцьця. Сталярны варштат, змаганьне за кавалак хлеба ў Сібіры, грамадзкая і політычная дзейнасьць перашкаджалі плённай працы поэты. Прыхо-