Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

часна вызначае сабой усю псыхолёгічную сытуацыю, на якой грунтуецца новэля. Узрывальны дынамічны мотыў яе (зьяўленьне скарбу) уводзіць з сабой і мотыў таямніцы: зьмест скарбу невядомы для нас. Даны мотыў, які ўносіць момант напружаньня ды інтрыгуе чытача, выясьняецца толькі ў разьвязцы, прычым апошняя пабудавана паводле тыпу нечаканай канцоўкі: у гаршку, замест скарбу, з якога ўвесь час цешылася героіня, аказваецца нікчэмнае сьмяцьцё. У апавяданьні "Зарабіў" таксама ў пачатку даецца экспозыцыя характару галоўнага пэрсонажу, якая прадстаўляе сабою псыхолёгічную спружыну ўсяго апавяданьня; разьвязка тут таксама прадстаўляе сабою нечаканую канцоўку (турма замест узнагароды за шпегоўства). У апавяданьні "Зарабляюць" дана ў пачатку досыць доўгая Vorgeschіchte: жыцьцё маладых герояў пры матцы. Момант нарастаньня дзеяньня прадстаўлены абмалёўкай цяжкой барацьбы за існаваньне пасьля сьмерці маткі; разьвязка барацьбы, як за звычай у Ядвігіна Ш., сумна-трагічная: моральная сьмерць гэроіні.

Такім чынам, апроч ступянёва-эпізодычнай пабудовы, Ядвігін Ш. ведае і больш складаныя композыцыйныя прыёмы.

Уласьцівы Ядвігіну Ш. і іншыя прыёмы мастацкага аформленьня свайго соцыяльна-бытавога і соцыяльна-псыхолёгічнага матэрыялу. Так, ён досыць шырака выкарыстоўвае прыём сказу ("Зарабляюць", "Сабачча служба", "Суд", "Важная фіга", "Жывы нябожчык" ды інш.), прыём сну, як композыцыйнага сродку ("Чортава ласка", „Цырк", "Дуб-дзядуля"); у апавяданьні "З бальнічнага жыцьця" мы знаходзім прыём лірычнага пярсьцёнка: зачын і канцоўка гэтага апавяданьня прадстаўляе сабою аднолькавую сумна-лірычную імпрэсію, якая адпавядае агульнаму характару твору. Шмат апавяданьняў Ядвігіна Ш. пабудаваны на прыёме адзіўленьня ("З маленькім білецікам", „Заморскі зьвер“, "Вучоны бык", "Сабачча служба“, „Протэст“ ды інш.).

Рознастайныя композыцыйныя прыёмы ў Ядвігіна Ш. злучаюцца ў адным вузьле. Яны вынікаюць з яго мэтаімкнёнасьці маляваць вострыя сытуацыі комічнага альбо трагічнага парадку. А гэта мэтаімкнёнасьць, у сваю чаргу, зьвязана з усім ладам поэтычнага сьветаадчуваньня Ядвігіна Ш. Як мы бачылі вышэй, пісьменьніка пераважна цікавіць ча-