Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ну... і смачна еў, смачна піў, смачна спаў. Ці-ж мала яшчэ гэтага". Узятае ў цэлым, гэтае алегорычнае апавяданьне Ядвігіна Ш. дае сатыру на мяшчанства, на абыватальшчыну. У трапнай форме выкпіваецца тут нікчэмнасьць, брыдота тых людзей, што варушацца толькі ў сьмярдзючым багне асабістых асалодаў і дробных клопатаў, палахліва ўнікаючы усяго, што можа парушыць іх супакой. Для такіх людзей жыцьцё—гэта сапраўды толькі сьвінарнік, каштоўны тым, што ў ім можна смачна есьці, смачна спаць.

Пасьля досыць падрабязнага аналізу паасобных твораў Ядвігіна Ш, трэба даць абгульняльны сынтэз.

Творчасьць Ядвігіна Ш., як мы бачылі, вызначаецца досыць шырокім дыапазонам. На адным полюсе гэтай творчасьці—вясёлы анэкдот, на другім—высока—мастацкая новэля з багатым соцыяльна-псыхолёгічным зьместам; літаратурныя бязьдзелкі, як апавяданьне "З маленькім білецікам" — і побач глыбока ідэёвыя творы накшталт "Гаротнай", "Шчасьлівай" ды інш. У беларускай крытыцы Ядвігін Ш. пісьменьнік недаацэнены. Максім Гарэцкі, напр., у сваёй "Гісторыі беларускай літаратуры" прысьвячае яму ўсяго дзьве старонкі, на першы плян у сваёй сьціслай характарыстыцы высоўваючы гумор пісьменьніка, яго жартаўліва-комічныя апавяданьні.

Гумор у большасьці выпадкаў і засланяе сабой сур'ёзна-ідэёвую падставу творчасьці Ядвігіна Ш., а гэта падстава і, да таго, падстава досыць глыбокая, ёсьць у яго. У пісьменьніка маецца пэўная сыстэма сьветапогляду, якую можна выкрыць на аснове аналізу яго твораў.

Ядвігін Ш. пераважна цікавіць чалавек з яго перажываньнямі; прырода параўнальна мала закранаецца ім; у цэнтры яго творчасьці стаіць "человеческое, слишком человеческое". Магчымы розныя ацэнкі чалавечай натуры. Ня раз выказваліся пэсымістычныя погляды на сутнасьць гэтай натуры. Для пісьменьнікаў-мізантропаў, як, напр., Эдгар Поэ, чалавек — гэта жорсткая і злая жывёла. Але выказвалася і іншая, оптымістычная, ацэнка чалавека. Напр., для Руссо — чалавек добры па сваёй істоце. У Ядвігіна Ш. працоўны чалавек гэтак сама добры па сваёй існасьці. Перш, чым адважыцца на злачынства, або пасьля злачынства, у яго гэрой заўжды перажывае вялікія пакуты. Сіротка Гануля, прымушаная бед-