Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыяцеля, вядзе яго ў цырк. Цыркавыя прадстаўленьні, звычайныя для гарадзкога жыхара, робяць на нашага селяніна адмоўнае ўражаньне; ён у гэтых прадстаўленьнях бачыць толькі адзін зьдзек над чалавекам і жывёлай. "Вышаў з цырку, як здурнеўшы. Міхалка, будучы пэўным, што надта дагадзіў сябруку, стаў расхвальваць цырк і дапытываць Зорку, як яму спадабаліся гэтыя штукі, але Зорка ішоў злосны, хмурны, адно толькі слова і адказваў: "зьдзек, зьдзек, зьдзек"... Вярнуўшыся на кватэру, Міхалка стаў частаваць сябрука вячэрай, але той і не дакрануўся да яе. Лёг, скорчыўся, кажух на галаву нацягнуў і стараўся скарэй забыцца, заснуць"... Але і ў ва сьне ня можа ён адчапіцца ад надакучлівых уражаньняў цырка; пад іх уплывам ён перажывае цяжкі кошмар. Ува сьне чуецца яму сьвіст і лёскат бізуноў; крыкі "зьдзек, зьдзек" стаяць у вушох; бачыць ён, белы пясок арэны зрабіўся чырвоным ад падаючай на яго зьверху крыві і г. д...

У апавяданьні "Цырк" проціставяцца, такім чынам, дзьве псыхікі: гарадзкога жыхара і вясковага. Селянін надзяляецца тут рысамі надзвычайнай душэўнай чуласьці; ён, у процілежнасьць свайму гарадзкому сябруку, ня можа выносіць нічога грубага, рэзкага.

Даўгі час сапраўды трымалася ілюзія, што блізкасьць да прыроды, жыцьцё на яе матчыным улоньні ўшляхетнівае чалавека, робіць яго больш чулым і мяккім. Літаратура другой паловы XІX в. і пачатку ХХ в. ў значнай ступені пазбаўлена ўжо гэтай ілюзіі. Бальзак і Золя ў заходня-эўропэйскай літаратуры, Чэхаў і Бунін у расійскай, наадварот, разьвенчваюць селяніна, ускрываючы яго сквапнасьць, грубасьць, някультурнасьць ды інш. адмоўныя рысы. Ядвігін Ш., як большасьць іншых беларускіх пісьменьнікаў, застаецца яшчэ верным народніцкаму тэзісу перавагі вясковага жыхара над гарадзкім.

Апавяданьне "З бальнічнага жыцьця" дае нам злучэньне мотываў соцыяльных і псыхолёгічных... Дзея адбываецца ў шпіталі; апоўначы атрымліваецца вестка аб тым, што № 17 канае; роўнадушна спатыкаюць гэтую вестку і хворыя, і асабліва служачыя. Калі нясьлі сьвечку канаючаму, то "хворыя, карыстаючы з агню, прыкурвалі папяросы,