Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маюцца ў апавяданьні "При исполнении служебных обязанностей"; тут абмалёвана ў сатырычных рысах поліцыя, якая зьдзекуецца над сялянамі: зганяе іх на панскі двор і прымушае чакаць сабаку-сышчыка, які павінен абнюхаць усіх і такім спосабам выкрыць злодзея. На фоне агульнай забітасьці масы, якая пакорна дае зрабіць з сабой такі ганебы ўчынак выдзяляецца фігура аднаго селяніна―Сымона Лябёдкі: у ім ужо абуджана сьвядомасьць чалавечай годнасьці; ён вызначаецца вастратой розуму ды адвагай. У часе чаканьня сабакі Сымон Лябедка выдумляе апавяданьне аб тым, як адна жанчына падкупіла сабаку-сышчыка, і ў гэтым апавяданьні ён робіць жартлівы выпад супраць поліцыі, за што і арыштоўваецца. У творы Ядвігіна Ш. добра схоплены рысы старога рэжыму з яго ўціскам мас і бязьлітаснай расправай з кожным, хто нават самым бязьвінным спосабам адважваўся супярэчыць зьдзеку.

Пры ўсёй цікавасьці з боку фабулы і часам мастацкасьці выкананьня жартаўліва-комічныя апавяданьні Ядвігіна Ш. ня маюць таго значэньня, якое маюць сур'ёзна-ідэёвыя творы яго. У апавяданьнях першага роду пераважае сьмех. Часам гэта сьмех скрозь сьлёзы, як, напр., у апавяданьні "При исполнении служебных обязанностей"; часам мы маем тут проста вясёлыя анэкдоты, як, напр., у апавяданьнях "З маленькім білецікам", "Пазыка", "Заморскі зьвер", „Вучоны бык" ды інш. Як аўтар жартаўлівых апавяданьняў, Ядвігін Ш. ня меў-бы таго вялізнага значэньня, якое ён мае ў беларускай літаратуры. Пачэснае месца на нашым літаратурным Парнасе адводзяць яму яго сур'ёзна-ідэёвыя апавяданьні.

З боку формы гэтыя апошнія можна ў сваю чаргу падзяліць на апавяданьні рэалістычныя і алегорычна-сымболічныя (накшталт баек).

У першых пераважнымі мотывамі зьяўляюцца соцыяльна-бытавыя і псыхолёгічныя. Лепшым з іх бясспрэчна зьяўляецца "Гаротная". Сюжэт гэтага твору жудасна сумны... Па радзе знахаркі, каб вылечыць свайго хворага сына Сьцяпанку, сялянка Тамашыха пачала яго абкурваць дымам ад зельля, пільнуючы, каб гэты дым ня выходзіў з хаты. Фінал лячэньня трагічны: няшчасны хлопчык задушыўся ад дыму. У гэтую рамку простага сюжэту пісьменьнік укладае досыць