Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хітрыя ашуканцы, пэрсонажы з надломленай псыхікай, другія-наіўна-даверлівыя і простадушныя, якія ўсё прымаюць за чыстую монэту, дзякуючы чаму і трапляюць у сьмешнае становішча. Гэтую антытэзу, характарную для народніцкай ідэолёгіі, мы заўважым і далей у сур'ёзна-ідэёвых апавяданьнях Ядвігіна Ш.

Больш тыповымі зьяўляюцца ў пісьменьніка сьмяхотныя апавяданьні, якія грунтуюцца не на вандроўных сюжэтах, а ўзьніклі на падставе быту. Такімі зьяўляюцца "Жывы нябожчык", "Важная фіга", "Суд" ды інш.

У апавяданьні "Жывы нябожчык" закранаецца побыт дробнай шляхты, добра схоплена тут уся пустата, бяссэнснасьць і нікчэмнасьць жыцьця гэтай клясы ў глухім кутку провінцыі. На падставе нікчэмнага існаваньня адыгрываецца тут і комічнае здарэньне: парабак Васілёк, каб адчапіцца ад прыдуркаватай паненкі, якая ў часе сенакосу кліча яго гуляць у дурня, робіцца мімаволі жывым нябожчыкам. У апавяданьні "Важная фіга" абмалёўваецца сямейны побыт селяніна з яго сваркамі і лаянкамі. На фоне гэтага побыту акрэсьліваецца вобраз злоснай сьвякрухі, якая ня можа ўжыцца з сваёй нявесткай і нават скардзіцца на яе земскаму. Аналёгічны вобраз злоснай сьвякрухі, як вядома, фіксуецца і ў народнай творчасьці: існуюць цэлыя баляды аб тым, як сьвякруха ўзводзіць паклёп на сваю нявестку, жадае яе атру. ціць і г. д.; нават сьмерць ня можа прымірыць нявестку з сьвякрухай, і ў заплачках яна памінаецца нядобрым словам. У апавяданьні Ядвігіна Ш., апроч вобразу злоснай сьвякрухі добра абмалёвана яшчэ і забітасьць селяніна, яго страх перад вясковай адміністрацыяй: нават фіга, зробленая, "самім" земскім у адплату за фігу нявесткі, лічыцца тут важнай фігай, чымсь недатыкальным. Апавяданьне "Суд" прадстаўляе сабой сатыру на тых асоб, што, займаючы важныя пасады і разьбіраючы сялянскія справы, ня ведалі народнай мовы: судзьдзя—немец, не разумее, што вол і бык — сынонімы; жадаючы памірыць сялян, якія судзіліся паміж сабою, ён прапануе ім "памерыцца", што літаральна выконваецца і прыводзіць да комічных непаразуменьняў.

Часам у сваіх жартаўлівых апавяданьнях Ядвігін Ш. узвышаецца да мастацкай сатыры. Элемэнты такой сатыры