Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтыя мэмуары прасякнуты вялікай любасьцю і пашанай да пісьменьніка. Адзінокая сьмерць яго на шпітальным ложку выклікае ў аўтара сумныя развагі а лёсе адраджэнцаў беларускіх наогул. „Халодная зямля прыняла ўжо навек,—кажа Бадунова, — агнявую душу аднаго з лепшых сыноў сваіх, аднаго з тэй арлінай нашаніўскай сям'і, якая першая пачала змаганьне за долю шчасьлівую дзеткам патомным, за край наш бедны, за край наш родны, за слова беларускае, сталецьцямі загнанае ў падпольле. Яны, гэтыя першыя ластаўкі волі народнай, правадыры вялікай ідэі адраджэньня заняпаўшага беларускага народу―уміраюць адзінока, часта далёка ад роднай сям'і, ад бацькаўшчыны мілай; так адзінока памёр і Іван Луцкевіч. Родная душа ня схілілася і над пасьцеляй Ядвігіна, Ш.; сумна чуць, як адзінока на больнічным ложку уміраюць лепшыя беларускія дзеячы ў гэты цяжкі час падзелу нашае бацькаўшчыны..." Далей ва ўспамінах Бадуновай Ядвігін Ш... папершае, рысуецца як грамадзкі дзеяч: адзначаецца яго адданасьць ідэалам адраджэньня, ненавісьць да старога рэжыму, але адначасна і пэўны скептыцызм у адносінах новага. "Ня мала спрачаўся ён з намі, маладым пакаленьнем, шмат чаго горкага казалі мы адзін другому", сьведчыць Бадунова. Але гэтыя разыходзіны былі больш тэорэтычныя... А толькі наступаў час шырокай працы, і ён, стары, сьмела ішоў з намі, гарачымі і маладымі галовамі".

У разьдзеле "Пісьменьнік сярод сям'і" Ядвігін Ш. абмалёўваецца як прыватны грамадзянін і як чалавек. Адзначаецца яго асаблівая чуласьць да хараства прыроды, вялізарная працаздольнасьць, клопаты а дабрабыце Беларусі, захапленьне ўспамінамі а беларускіх дзеячох і г. д. Сымпатычны воблік Ядвігіна Ш., як чалавека, дапаўняе сабой, такім чынам, яго сьветлае для свайго часу аблічча як грамадзкага працаўніка на глебе беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня.

Менш цэльнасьці ў літаратурнай дзейнасьці пісьменьніка. Па сваёй творчасьці Ядвігін Ш. у беларускай літаратуры дваісты Янус. Яго апавяданьні, зьмешчаныя ў зборніках "Бярозка" і „Васількі", можна падзяліць на дзьве галоўныя групы: апавяданьні гумарыстычныя, жартліва-комічнага харак-