Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

(Вільня, 1910 г.), зборнікі апавяданьняў Бярозка (Вільня, 1912) і "Васількі" (1914 г.).

У 1914 г. аб вясьне Антон Лявіцкі пераехаў у Менск, дзе быў рэдактарам выданьняў "Caxa" і „Лучынка". Ня гледзячы на тое, што вайна спыніла гэтыя выданьні, пісьменьнік застаўся ў Менску з мэтай утрымаць "Беларускую кнігарню", якая ў той час зьяўлялася адзіным месцам групаваньня беларускіх сіл. Улетку 1915 г., галоўным чынам, дзякуючы энергіі Ядвігіна Ш., было організавана ў Менску "Беларускае Т-ва помачы ахвярам вайны". Наогул, увесь перыод імпэрыялістычнай вайны, з 1914 па 1917 г., у гэты вельмі цяжкі час уціску беларускага руху, Ядвігін Ш. быў душой маленькага гуртка дзеячоў на нацыянальнай ніве. Прымушаны дзеля ўтрыманьня сябе і сям'і служыць, Ядвігін Ш. усе вольныя часіны прысьвячае беларускай працы, ставячы спэктаклі, імкнучыся падтрымаць роднае друкаванае слова і г. д.

У часе рэволыцыі 1917 г. Антон Лявіцкі яшчэ з большай энэргіяй аддаецца грамадзкай працы: выступае на зьездах, мітынгах, уваходзіць, як сябра, у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Але надмерная праца, цяжкія ўмовы жыцьця падкасілі яго сілы; яшчэ раней у яго пачалася самая цяжкая хвароба-сухоты, якая разьвівалася цяпер, сярод вялізарнай працы, усё больш і больш. Зіму 1918 г. ён праляжаў у шпіталі; вясною, крыху паправіўшыся, вярнуўся дахаты. Ня гледзячы на падарваныя слабыя сілы, ён зноў аддаецца літаратурнай працы: супрацоўнічае ў газэце "Беларусь", дзе пачала друкавацца яго вялікая аповесьць "Золата", парадкуе свае "Студэнцкія ўспаміны", займаецца перакладамі ды інш.

Але сілы яго ўсё больш і больш слабеюць; зусім хворы, пад восень 1920 г. ён выехаў у Вільню. Там, у пачатку сакавіка 1922 г., у разлуцы з сям'ёй, ён і памёр.

Артыкул Ванды Лёсік вызначаецца фактычнай дакладнасьцю, але і з гэтых сухіх фактаў перад намі Ядвігін Ш. выступае як культурна-нацыянальны і літаратурны дзеяч, ад раньніх гадоў студэнцтва і да самай магілы працаваўшы на роднай беларускай ніве.

Як-бы дадаткам да артыкулу В. Лёсік зьяўляюцца ўспаміны Бадуновай. Яны пераважна рысуюць нам унутранае аблічча нябожчыка. Агорнутыя ціхім лірычным задуменьнем,