Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ва ўспамінах В. Лёсік дана досыць грунтоўная біографічная канва, занатаваны галоўныя моманты ў жыцьці Ядвігіна Ш.—моманты, якія прадстаўлены ў наступным відзе.

Паходзіць пісьменьнік з старажытнага шляхецкага роду Лявіцкіх, калісь гэты род валадаў вялікімі маёнткамі ў Меншчыне і Віленшчыне, але потым паступова экономічна згалеў і заняпаў; бацька пісьменьніка толькі меў ужо невялічкі хвальварак у Віленшчыне. Бацька Ядвігін Ш., Ян Лявіцкі, быў афіцэр расійскай службы, але ў часе паўстаньня палякаў, каб ня быць прымушаны выступаць супраць паўстанцаў, вышаў у адстаўку і служыў потым кіраўнічым у маёнтку Добасьня на Магілеўшчыне.

У гэтым маёнтку ў 1866 г. і нарадзіўся Антон Лявіцкі; тут-жа ён і правёў першыя гады свайго дзяцінства. З Добасьні бацькі яго пераехалі ў маёнтак Першаі на Меншчыне; адтуль Антон Лявіцкі паступіў у Менскую гімназію але, ня скончыўшы поўнага курсу вучэньня ў ёй, пераехаў у Macкву; тут, відаць, экстэрнам вытрымаўшы экзамен на "атэстат зреласьці", паступіў у Маскоўскі унівэрсытэт на медычны факультэт.

У сваім апавяданьні „Перапуд“ пісьменьнік добра абрысоўвае тую атмосферу арыштаў і вобыскаў, у якой жыло студэнцтва 90 гадоў мінулага сталецьця і ў якой адыгрываецца тут жартаўлівая містыфікацыя вобыску, прадстаўляючая сюжэтны вузел апавяданьня. У творы досыць яскрава выяўлены прогрэсыўна-рэволюцыйныя настроі тагачаснага студэнцтва, яго захапленьне нелегальнай літаратурай. "Трапілі тады ў Маскву, — апавядае Ядвігін Ш., — два, толькі два экзэмпляры кніжкі знанага амэрыканца Кенана, які ў страшэнна жудасных колерах апісаў расійскія турмы. Адна з гэтых кніжак папала ў студэнцкія гурткі. За кожную гадзіну, у каго гэтая кніжка прабыла, трэба было плаціць на карысьць зямлячаскіх бібліотек па дзесяць капеек. Занята яна была праз усе 24 гадзіны ў суткі". Апавяданьне, бясспрэчна, мае аўтобіографічны характар: і сам Антон Лявіцкі, відаць, належаў да гэтай часткі паступовага студэнцтва, меў сьціслае дачыненьне да рэволюцыйнага руху і ў часе ўзрушэньняў у унівэрсытэце быў арыштаваны і паспытаў паднявольнага