Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

най пасмай праходзіць адна гэта тэма душэўнага адзіноцтва і сіроцтва. Але ў кожнай даецца свая асобная проэкцыя магчымай разьвязкі гэтага душэўнага стану. У адным выпадку перад намі адзінокая старасьць з яе мэлянхолічнымі ўспамінамі аб прошласьці і смутным шкадаваньнем юнацтва ("Асеньнія лісты"); у другім выпадку востры прыступ роспачы, які прыводзіць да трагічнай катастрофы ("Лішняя"); нарэшце, намячаецца і трэцяе выйсьце з стану моральнай дэпрэсіі—романтычныя ўцёкі ад жыцьця ў галіну мары і мастацтва.

Так пісьменьніца проэктавала ў знадворны сьвет розныя магчымыя варыяцыі свайго ўласнага стану, які, відаць, абхапіў яе ў гады мрачнай рэакцыі 1912 і 1913 г. г., калі надрукаваны былі зазначаныя апавяданьні.

Крытык Ант. Навіна разглядае трагедыю душы Цёткі выключна ў роўніцы асабістага шчасьця. У часы заняпаду душэўных сіл у пісьменьніцы,—кажа ён,—"выступае жаль па зьнішчанаму жыцьці—жаль, што ў няўстаннай рабоце дзеля ідэалу так мала было ясных праменяў асабістага шчасьця, шчасьця для сябе і праз сябе. Слабее гарт душы і панаваць хоча цела,—але цела ужо бясьсільнае".[1] Для нас трагедыя душы Цёткі мае і свой іншы бок—бок грамадзкі. Акідаючы агульным поглядам творчасьць пясьняркі, ня цяжка заўважыць, што настраёвасьць яе ўтварае сабой рэзка падаючую крывую лінію. У першым зборніку "Хрэст на свабоду" поэтэса ўся гарыць вялікім полымем рэволюцыйнага ўздыму; у другім зборніку "Скрыпка беларуская" гэта полымя часам крыху пакрываецца шэрым попелам супакойнай ідылічнасьці, але канчаткова бадзёрасьць не пакідае яшчэ пясьнярку ("Вера беларуса" ды інш. вершы); нарэшце ў пазьнейшых прозаічных творах ужо чуюцца хаўтурныя мэлёдыі асабістага смутку і расчараваньня. Характарна, што паралельна зьменам настраёвасьці Цёткі зьмяняецца і самая форма яе твораў. У зборніку "Хрэст на свабоду" стыль дэклямацыйны, багаты на воклічы, рыторычныя пытаньні і звароты, у якіх выліваецца пафос барацьбы; Цётка як-бы выступае тут у ролі мітынговага прамоўцы, які хоча запа-

  1. Op. cіt. Cтар. 68.