Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Некалькі іншы характар носіць мастацкая проза Цёткі: тут пераважаюць сумныя настроі, ціхі лірызм і засмучэньне па хутка прайшоўшаму жыцьцю.

Лепшымі зьяўляюцца апавяданьні "Асеньнія лісты", „Лішняя" ("Маладая Беларусь", І, 1) і "Зялёнка“ („М. Б." І, 3). У першым апавяданьні малюецца спатканьне двох старых сялян — Сымона і Сьцяпана, якія, прадстаўляючы з сябе сапраўдныя асеньнія лісьці, дзеляцца адзін з адным успамінамі аб уласным жыцьці. На фоне гэтага лірычнага па сутнасьці сужэту выяўлены дзьве галоўныя тэмы. Папершае, малюецца сумная доля селяніна, сымболем якой зьяўляецца крыж—гэты знак пакуты. Падругое, на падставе бытавой тут паказаны псыхолёгічны элемэнт: апісана духоўнае адзіноцтва і сіроцтва, злучанае з шкадаваньнем хутка прабегшага юнацтва. У вусны сялян Цётка ўкладае тут глыбока лірычныя развагі, якія мала адпавядаюць цэльнасьці сялянскай псыхікі. Магчыма прадпалажыць, што псыхолёгічны элемэнт тут да пэўнай ступені зьяўляецца элемэнтам аўтобіографічным. Цётка ўсе сілы свае аддала грамадзкай працы. Але ў ёй была моцнай і смага асабістага шчасьця, якога, відаць, было мала ў яе жыцьці, поўным бязупыннай барацьбы і надмернай працы. Адсюль гэтыя горкія лірычныя думы ў апавяданьні "Асеньнія лісты"; і і сама пісьменьніца магла сказаць аб сабе словамі свайго гэроя: "жыцьцё, як тая муха, бзз... і праляцела". У вусны сялян, відаць, тут укладзены ўласныя адчуваньні; тут у прозаічнай форме дана лірыка індывідуальных перажываньняў. Тая-ж лірыка індывідуальных перажываньняў заўважаецца і ў апавяданьні "Лішняя". Тут ужо зусім адсутнічае соцыяльна-бытавы элемэнт; усё апавяданьне, псыхолёгічнае па сутнасьці, агорнута нейкай романтычнай дымкай няпэўнасьці і нявыразнасьці сваіх контураў... У творы расказана трагічная гісторыя самагубства дзяўчыны, якая, страціўшы свайго каханага, не знаходзіць сабе месца ў жыцьці, адчувае сябе лішняй у сьвеце і непасрэдна пасьля шлюбу яе любага з другой топіць сваё гора ў хвалях ракі. У самым пачатку апавяданьня на фоне пышнай касьцельнай абраднасьці чорнай плямай вырысоўваецца фігура гэтай адзінокай, пакінутай дзяўчыны. Фарбы яшчэ мрачнейшыя пасьля сканчэньня рытуалу. "Разьбіралі мірты, тушылі сьвечкі. Пакрысе высту-