Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адчувае сябе лішнім чалавекам. У вершы "На чужой старонцы" поэтэса так рысуе свае перажываньні, — яна кажа:

Маркотна мне. Чужы я людзям:
Цесна душы. Цесна грудзям.
Бягу думкай ў край далёкі.
У лес цёмны, ў бор высокі,
Ў сваю вёску, ў сваю ніўку.
Бачу выган, бачу сіўку,
Вун кароўкі бягуць з поля...
Ой, да хаткі! Кінь мне, доля,
Хоць расінку з нашай вёскі,
Хоць пылінку, хоць дзьве крошкі
Ад палудня майго брата.
Ой, як люба родна хата!
Ой, як мілы родны рай!
Паляцець-бы, як у край.
Раднюсенька мне сярмяжка,
Шнурок, лапці, каптан, дзяжка...
Ўсё там міла, бо мне родна,
На'т сьмяцінка сэрцу годна.

Цётка крэўна зьвязана ня толькі з беларускай прыродай і абставінамі беларускага побыту: яна адчувае сваю opгaнічную сувязь і з носьбітам гэтага побыту, беларускім народам; апошні рысуецца ёй об'ектыўна, бесстаронна. Пясьнярка ўсьведамляе адарванасьць народных нізоў ад культуры. Прогрэс усё больш і больш мацнее, робіць усё новыя заваёвы, але мужык не зьмяніўся. Адбыліся геолёгічныя зрухі, — "пашні, горы долам, а далы гарамі"; прайшоў цэлы шэраг вынаходак: адкрыты новыя землі, знойдзены порах, кніга, друк, выступіў Копэрнік са сваім адкрыцьцем, але ўсё гэта пранеслася міма селяніна: "мужык не зьмяніўся"; ён, кажа Цётка ў вершы пад гэтай назвай:

...Астаўся цёмны,
Як той бор зялёны.
Астаўся "хамула",
Усімі прыцясьнёны.

І ўсё-ткі моральная перавага на баку гэтага цёмнага мужыка; пры ўсім нявысокім культурным узроўні ён вышэй ад іншых па ўнутраных сваіх якасьцях. Цётка зазначае:

Людзі папсавалі
Свае душы, сэрцы,
Толькі "хам" астаўся
У чыстай спанцэрцы.