Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваць падфарбованую рачаіснасьць, пад відам сялян выводзіць свайго роду аркадзкіх пастушкоў, якія на улоньні прыроды плятуць і перажываюць цудоўную казку каханьня. Цётка ня ведае гэтай фальшывай салодкасьці; яна не заплюшчвае вачэй на працоўны бок сялянскага жыцьця; але гэтая праца рысуецца ёй у поэтычным асьвятленьні; ад яе малюнку жніва павявае бадзёрасьцю, праца ў абмалёўцы Цёткі гэта не пакута, але асалода, ігрышча, і ў самой пясьняркі пры відзе працючых сялян зьяўляецца жаданьне працаваць, і яна з захапленьнем кажа:

Мушу ўзяцца за работу,
Мушу мець мазоль за знак,
Мушу ліць і я так поты,
Каб пазналі, што сваяк.
Дайце, жнейка, серп займісты.
Дайце гострую касу —
Зьмяту з нівы хлеб зярністы,
З травы белую расу.
Дайце хусту мне пікову,
Кіньце беленькі фартух!

Так захапляючыся сялянскай працай і жыцьцём, Цётка аднак мала закранае тэму сялянскай беднасьці. Сама паходзячы, відаць, з досыць заможнай шляхецкай сям'і, якая магла вучыць яе нават у жаночнай гімназіі, пясьнярка пераважна адбівае сярэдні слой параўнальна заможнага насельніцтва. Сакавіта малюе яна, напр., тое задаваленьне і дабрабыт, якія прыносіць з сабой восень уласьне гэтаму слою жыхарства:

Восень міла гаспадыня:
Дзе ні глянеш, поўна скрыня,
То арэхаў, то пшаніцы
Па куточках у сьвятліцы.

Можа ў гэтай сувязі Цёткі пераважна з заможнай часткай насельніцтва і хаваюцца вызнакі ідылічна-эстэтычнага кірунку яе поэзіі: і беларуская прырода, і самы побыт селяніна бяруцца ёй, галоўным чынам, у іх дадатных адзнаках хараства і маляўнічай колёрытнасьці. Але пры такім адчуваньні пекнаты прыроды і побыту роднай краіны тым цясьней была сувязь пясьняркі з айчынай. Усімі сваімі думкамі і пачуцьцямі яна зьліваецца з Беларусьсю; без яе яна