Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ку лесу яна шчодрай рукой рассыпае бляск трапных мэтафор і параўнаньняў; у яе

Лес махае галавою;
Дуб, нахмурыўшыся, сьпіць,
Вольха шэпча з лашчыною,
Беразьняк кусты сьмяшыць.
Мухаморы, як жаўнеры,
Ля дарогі сталі ў рад,
Жарам гараць іх каўнеры,
Шанкі блішчаць у супад.
Баравік—грыб над грыбамі.
Аб пень сьпёрся, злы стаіць,
Робіць суд ён над братамі,
Годзіць, просіць згодна жыць.

Асаблівая задушэўнасьць адчуваецца ў Цёткі ў яе малюнках восені. Восень для яе—гэта старасьць прыроды, ад якой павявае смуткам. Спаглядаючы гэту "старасьць", яна пытае:

А дзе-ж зелень, а дзе стужкі?
А дзе-ж песьні, а дзе-ж птушкі?

Ня можа абмінуць яна сумны караван гэтых птушак, якія накіроўваюцца ў вырай; да іх яна зварачаецца з ласкавымі словамі шчырага прывітаньня і парады:

Птушкі мілыя, не кляніце,
А малітву гаварыце,
Каб вас хвіля не забіла,
Каб акула ня ўкусіла,
Каб вярнуцца клекатаці,
Пастушочкаў забаўляці.

У гэтых і да іх падобных абразкох Цётка прадстае перад намі зусім у іншай постаці, чым у зборніку „Хрэст на свабоду". Там, закутая ў броню барацьбіта, яна над трупамі ахвяр 9 студзеня вымаўляе сваё рашучае і жорсткае "так і трэба"; тут яе сэрца як-бы распушчаецца ў пекнаце прыроды, яна паддаецца нават некаторым сантыментальным адчуваньням, зварачаючыся да мілых птушак, успамінаючы пастушкоў, якіх трэба забаўляць.

Мяккія таны пераважаюць у Цёткі і ў яе малюнках вясковага побыту. Тут яна дае нам сапраўдныя ідыліі, але ідыліі з рэальным зьместам. Вядомы нахіл ідылікаў рыса-